Справа 1982 гг. “Савецкія выбары праз прызму КГБ СССР”
Раз у чатыры гады ў жыцці кожнага савецкага чалавека наставала свята. На выходныя савецкі чалавек ішоў да бліжэйшай школы, клуба ці сельсавета, прытым будынкі гэтыя сляпілі кумачом сцягоў, а рэпрадуктары на слупах глушылі меддзю аркестраў. Грамадзянін паказваў ветлівай цётачцы паштоўку са сваім прозвішчам і пашпарт, пасля чаго атрымліваў кавалак паперы. Кавалак паперы трэба было занесці ў кабінку, падобную да прымерачнай ГУМа і ўкінуць у скрыню. Пасля чаго можна было ісці ў буфет ці ў перасоўную краму.
Свята гэтае называлася – “Выбары ў Вярхоўны Савет СССР”.
Уласна кажучы, ніякіх выбараў у СССР не было, бо ў спісе кандыдатаў у Вярхоўны Савет стаяла толькі адно прозвішча “прадстаўніка блоку камуністаў і беспартыйных”. Самі выбары зводзіліся да ўкідання бюлетэня ў адмысловую ўрну. Буфеты і крамы з дэфіцытнымі харчамі ладзіліся выключна для заахвочвання прыходзіць на выбарчыя ўчасткі. Да тых, хто не з’яўляўся галасаваць а першай палове дня, хадзілі агітатары: маўляў, вы што – антысаветчык?
Як і мае быць, усе выбары ў СССР пільна кантраляваліся Камітэтам Дзяржаўнай Бяспекі.
* * *
Праца на выбарчых участках лічылася ў КГБ не самай адказнай, і туды звычайна выпраўлялі маладых чэкістаў.
Абавязкі былі нескладанымі.
Па-першае, пільнаваць магчымыя “антысавецкія праявы”. Меліся на ўвазе найперш правакацыйныя пытанні і экстрэмісцкія выказванні кшталту: “а чаму выбары безальтэрнатыўныя?” Падобных правакатараў трэба было неадкладна выяўляць для далейшай распрацоўкі ці прафілактавання.
Па-другое – пільнаваць усе пабочныя прадметы, якія ўкідваліся ў скрыні для галасавання. Асаблівая ўвага надавалася цыдулкам антысавецкага зместу.
Па-трэцяе – сачыць, каб ніхто з несвядомай ці падпітай публікі не шкодзіў агітацыйныя матэрыялы, бо такое пашкоджанне прыраўноўвалася да антысавецкага выступу.
Пры гэтым чэкісты надавалі ўвагу не толькі выбарам у Вярхоўны Савет СССР, але й нават мясцовым.
КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ
18 июня 1982 г.
СЕКРЕТНО
ДОКЛАДНАЯ ЗАПИСКА
об обеспечении госбезопасности в период подготовки и проведения выборов в местные Советы народных депутатов
Поступающая в подразделение УКГБ областей и подразделений Комитета информация свидетельствует, что подготовка к выборам в местные Советы народных депутатов повсеместно проходит в здоровой политической обстановке, при высокой трудовой и общественной активности трудящихся.
В целях обеспечения государственной безопасности в дни подготовки и проведения выборов КГБ республики и его органами на местах разработаны и осуществляются агентурно-оперативные мероприятия, направленные на своевременное вскрытие, упреждение и пресечений разведывательно-подрывных акций спецслужб империалистических государств и КНР, зарубежных антисоветских организаций.
(…)
Як то ні дзіўна, але камітэтчыкі на поўным сур’ёзе асцерагаліся, што менавіта падчас выбараў у СССР актывізуюцца шпегі і дыверсанты. Усе замежнікі, якія знаходзіліся на час выбараў у Савецкім Саюзе, браліся пад адмысловы кантроль.
ИЗ ДОКЛАДНОЙ ЗАПИСКИ КГБ СССР
(…)
Обеспечены надежным оперативным контролем 7 иностранных специалистов и 4 участника международной выставки (…) «Служба быта – 82», подозреваемых в шпионаже. За проведение враждебной деятельности выдворены из СССР корреспондентка телекампании Эй-Би-Си Гаррелс, шефмонтажник из ФРГ Фюссль, а также американские автотуристы Цупке и Неввилле (…) 89 иностранцев официально предупреждены за нарушение правил проживания, попытки сбора тенденциозной информации и осуществление акций идеологической диверсии.
З кагэбэшнай дакладной незразумела, з якой гэта прычыны іншаземцы з капіталістычных краін, імперыялістычныя журналісты і іншыя ідэалагічныя дыверсанты актывізаваліся менавіта падчас выбараў у мясцовыя саветы. Хутчэй за ўсё, хваля выяўлення ідэалагічных шкоднікаў традыцыйна прыпадала на каляндарныя святы, якімі лічыліся і савецкія выбары.
Але ж стыхійная антысаветчына выяўлялася падчас выбараў і без усялякіх замежных шпіёнаў, ідэалагічных дыверсантаў і прафесійных паклёпнікаў на савецкі лад жыцця. Найчасцей “антысавецкія праявы” выяўляліся ў надпісах на бюлетэнях для галасавання.
ИЗ ДОКЛАДНОЙ ЗАПИСКИ КГБ СССР
(…)
На отдельных бюллетенях избирателями учинены надписи негативного характера. На шести бюллетенях имеются надписи враждебного содержания, в трех из них выражается поддержка «свободным профсоюзам» (…), в двух – клевета на социализм (…), в одном – с призывом против коммунистов (…)
Отдельные лица выразили недовольство и клеветнические суждения по поводу советской избирательной системы (…)
Для прафілактыкі падобных “антысавецкіх праяваў” на чэкістаў эпохі Андропава ўпершыню быў накладзены неўласцівы для іх абавязак – чытанне лекцый і палітінфармацый. І хаця шмат якія камітэтчыкі паставіліся да ролі лектараў, мягка кажучы, са здзіўленнем, але ж у дакладной прыводзіцца колькасць “агітацыйных мерапрыемстваў”, прытым — у пыхлівай танальнасці савецкага Дзяржплана: маўляў, заданне Партыі выканана!
ИЗ ДОКЛАДНОЙ ЗАПИСКИ КГБ СССР
(…)
В интересах повышения политической бдительности трудящихся в июне с. г. по планам партийных комитетов сотрудниками КГБ прочитано и проведено в трудовых коллективах и в учебных заведениях более 8 тыс. лекция и бесед. Партийным органам оказана помощь в проведении более 130 тематических вечеров, 48 радио- и телепередач, опубликовано 135 статей.
Апошнія класічна савецкія выбары ў Вярхоўны Савет СССР адбыліся ў 1984 годзе, то бок у часы махровага застойнага “саўка”. Адзіны кандыдат, “блок камуністаў і беспартыйных”, за які аддалі свае галасы 99, 98 % савецкіх людзей, “атмасфера непарушнага адзінства”…
У 1988 годзе ў СССР адбыліся часткова свабодныя выбары ў тагачасны “саюзны” Вярхоўны Савет. А ў 1990-м годзе адбыліся выбары ў фактычна першы незалежны парламент Беларусі.
Але пра гэтыя выбары, як і пра ролю ў іх КГБ, мы пагаворым у адной з наступных перадач.
[Not a valid template]
* * *
Наступным разам я раскажу пра ўзаемаадносіны ў СССР царквы, дзяржавы і чэкістаў.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінкі захавання 098, 194.