Ці адкрыюцца ў Беларусі савецкія архівы?



У 2017-м годзе па ўсёй постсавецкай прасторы прайшлі дні памяці ахвяр камуністычнага тэрору, прысвечаныя 80-й гадавіне пачатку тых падзеяў.

Беларусь застаецца адзінай краінай, дзе ахвяры НКУС не ўшанаваныя на дзяржаўным узроўні. Да таго ж выяўленне ўсіх імёнаў забітых падчас бальшавіцкага тэрору немагчымае без доступа да архіваў камуністычных спецслужбаў, якія ў Беларусі татальна закрытыя.

Галоўнай прычынай закрытасці архіваў функцыянеры КДБ называюць магчымую помсту ўнукаў і праўнукаў ахвяр нашчадкам сталінскіх катаў.

Ці адбывалася нешта падобнае ва Украіне, дзе архівы спецслужб з 2015 года адкрытыя для вывучэння? Сведчыць дырэктар Цэнтральнага галіновага архіва СБУ Андрэй Когут:

– Мы з калегамі вывучалі досвед іншых цэнтральна-еўрапейскіх краін. Мы дыскутавалі на тэму, якая можа быць небяспека або рызыка. Апаненты адкрытасці гэтых дакументаў кажуць, што гэта можа справакаваць магчымую помсту той ці іншай асобы. Але як паказвае наш прыклад, нічога такога за два гады не адбылося, усё спакойна.

Нагадаем, што падчас святкавання стагоддзя КДБ Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Нам няма чаго сароміцца за мінулае нашых спецслужбаў”.

Беларускае Радыё Рацыя