Тэлеканал “Белсат” анансуе новыя праграмы



“Белсат” плануе запусціць новыя перадачы ў будучым годзе. Пра гэта распавёў кіраўнік аддзелу інфармацыі тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі. Апроч новай праграмы “Рапарт” аўтарства Эдуарда Мельнікава, у эфіры з’явіцца гістарычная перадача Паўла Мажэйкі.

– Мы плануем таксама запусціць гістарычныя дэбаты, якія будзе весці наш шматгадовы супрацоўнік Павал Мажэйка. Вельмі спадзяемся, што рэгулярна пачне з’яўляцца наша новая кулінарная праграма “Я не буду гэтага есці”, якую рыхтуе Аліна Коўшык.

Таксама у новым годзе на “Белсаце” пабольшае рэпратажаў, а бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў у Расеі з’явіцца адмысловы цыкл перадач, прысвечаны гэтай падзеі. Што датычыць расейскаймоўнай перадачы “Вот так”, то яе эфірны час павялічыцца:

– Мы сапраўды збіраемся разбудаваць гэтую праграму, але гэта не азначае нейкага радыкальнага павелічэння расейскамоўнага вяшчання. Пакуль мы спынімся на тым, што маем. Эфірны час праграмы “Вот так” павялічыцца можа на 30%.

Расейскамоўная праграма “Вот так” выходзіць на “Белсаце” з чэрвеня гэтага года. Гэта выклікала неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадстве, у тым ліку ў сяброў назіральнай рады тэлеканала. Кіраўніцтва “Белсату” патлумачыла гэты крок сярод іншага спробай зацікавіць небеларусаў, якія праз спадарожнік могуць глядзець перадачу ва ўсёй еўрапейскай частцы былога Савецкага Саюзу.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя