Калядныя падарункі ад уладаў
З Новым годам, з новым шчасцем. І як заўжды, у новым годзе – новыя падарункі ад уладаў.
Першы падарунак – з 1 студзеня пачаўся чарговы этап падвышэння пенсійнага ўзросту. І цяпер мужчыны будуць выходзіць на заслужаны адпачынак – у 61 год, а жанчыны – у 56. Аднак для супакаення адзначым, што самы горшы падарунак для будучых пенсіянераў будзе ў 2022 годзе. Праз чатыры гады мужчыны будуць выходзіць на пенсію ў 63 гады (калі дажывуць, канешне), а жанчыны – у 58.
Другі падарунак – гэта бюджэт Рэспублікі Беларусь на 2018 год, які Палата прадстаўнікоў прыняла да Новага года, а кіраўнік краіны падпісаў 31 снежня. Паводле закона, выдаткі на ахову здароўя ў параўнанні з 2017-ым павялічыліся ажно на 3,5% і склалі амаль 900 мільёнаў рублёў. Можна, канешне, парадавацца з такой шчодрасці ўладаў, калі не глядзець на іншыя пункты бюджэту. Так, напрыклад, у рэзервны прэзідэнцкі фонд накіравана больш за 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Самае цікавае, што, паводле бюджэтнага кодэкса, выдаткоўванне сродкаў фонду адбываецца на падставе рашэнняў самога прэзідэнта. То бок, куды хачу, туды і марную адзін мільярд беларускіх рублёў.
І трэці падарунак ад уладаў – ІП і юрыдычныя асобы атрымалі ільготы для адкрыцця крамаў і аб’ектаў харчавання ў вёсках. На першы погляд, прыемны падарунак. Толькі чамусьці яго ўвялі пасля таго, калі дзяржаўным прадпрыемствам стала гэта нявыгадна і яны збанкрутавалі.
Карацей, з Новым годам нас усіх.