Эксперт: Дэкрэт №8 не выцягне ўсю эканоміку, пабагацее толькі адзін сектар



Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», прыняты напярэдадні новага года, не стане цудадзейным лекам для ўсёй беларускай гаспадаркі. Больш за тое, як мяркуе юрыст, кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін, закон пабудаваны так, што IT-сектар будзе багацець за кошт астатняга працаздольнага насельніцтва:

– Яны пазбаўлены неабходнасці плаціць падаткі збольшага. Яны могуць плаціць меньш унёскаў у фонд сацыяльнай абароны, а супрацоўнікі ІТ-кампаній плацяць падаходны падатак па больш нізкіх стаўках. Такім чынам атрымліваецца, што падтрымка ІТ-галіны ідзе за кошт астатняга насельніцтва, астатніх суб’ектаў гаспадарання.

Эксперт упэўнены, што Беларусь, дзе астатняя эканоміка так і застаецца нерэфармаванай, не пераўтворыцца праз дэкрэт аб лічбавай эканоміцы ў Крэмніевую даліну ці усходнееўрапейскі Ганконг, як заяўлялася апошнімі днямі прадстаўнікамі ІТ-бізнесу.

– Магчыма наша краіна коціцца па тым шляху, каб стаць не вельмі развітай краінай з адной досыць развітай галіной. Гэта можа нагадваць індыйскі горад Бангалор, які жыве надгаладзь, але там ёсць парк высокіх тэхналогій, які абнесены муравам з калючым дротам.

Акрамя таго, заўважае Сяргей Балыкін, палажэнне, па якім прымаць у новыя чальцы Парку высокіх тэхналогій будуць тыя ж чыноўнікі – сябры Назіральнай рады ПВТ, не дазваляе казаць пра свабоду прадпрымальніцтва, але дазваляе падумаць пра падвелічэнне карупцыйных рызыкаў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя