Зміцер Вінчэўскі: Плот ад дзікоў – папулісцкая мера



Адмысловы закон аб мерах па барацьбе з афрыканскай чумой свіней падпісаны прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Адной з мераў будзе пабудова заслоны ў памежнай зоне з Беларуссю і Украінай. З беларускага боку на такое рашэнне ўладаў Польшчы адмыслоўцы глядзяць скептычна. Заолаг з Гародні Зміцер Вінчэўскі мяркуе, што афрыканская чума – гэта форма самарэгуляцыі ў прыродзе. 

– Гэта адзін з найбольш эфектыўных фактараў рэгуляцыі шчыльнасці папуляцыі. Калі колькасць асобін павялічваецца, жывёлам не стае рэсурсаў, каб выжываць. АЧС або памор свіней – гэта адзін з прыкладаў такой прыроднай рэгуляцыі іх колькасці. Таму што апошнія дзесяцігоддзі зімы параўнальна мяккія, дастаткова ежы, – калгасы пакідаюць, напрыклад, несабранай кукурузу.

Пабудова заслоны супраць дзікоў, на думку адмыслоўцы, не прынясе жаданага выніку. Яна накіравана хутчэй у палітычнае рэчышча, каб супакоіць польскіх фермераў.

– Насамрэч, гэта глупства. Тое, што мы хочам рэгуляваць такім чынам, прырода, насамрэч, рэгулюе па-свойму. І ніколі мы не пераможам. На мой погляд, гэта проста папулісцкае рашэнне, закліканае паказаць польскім фермерам, што дзяржава не спіць, думае пра вас, клапоціцца. А насамрэч, яно наўрад ці будзе дзейнічаць і хутчэй гэта будзе рашэнне супраць прыродных працэсаў, супраць міграцыі вялікіх жывёл: ласей, казуляў, рысяў, ваўкоў. Яны не ведаюць пра нашыя межы, яны ім не патрэбныя. У іх ёсць свае межы. І гэта будзе перашкода найперш для іх.

Заслону польскія ўлады прадугледжваюць пабудаваць да 2021-га году. На яе ўзвядзенне плануецца выдаткаваць 37 міліёнаў даляраў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня