ТБМ знайшло сродкі для аплаты арэнды памяшкання



Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) знайшло дастаткова сродкаў для аплаты арэнды памяшкання і фінансавання сваёй дзейнасці.

„Была вялікая хваля падтрымкі. Да новага года нам сабралі неабходную суму праз ахвяраванні і выплату ўзносаў. Неабходная сума для аплаты арэнды ў нас ужо ёсць”, — паведаміла старшыня арганізацыі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Паводле яе слоў, сродкі будуць паступаць пастаянна, але ў канцы снежня „сітуацыя патрабавала тэрміновага вырашэння, у сувязі з чым неабходна было звярнуцца да грамадскасці”.

Анісім ў канцы снежня напісала на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што „сітуацыя вымушае звярнуцца наўпрост да ўсіх, хто падтрымлівае дзейнасць ТБМ і хоча рэальна пашыраць прастору беларускай мовы ў сферы адукацыі, інфармацыйным вяшчанні”.

Яна адзначыла, што ў арганізацыі няма ніякіх льгот пры аплаце арэнды памяшкання і камунальных паслуг, сума якіх склала ў снежні крыху больш за дзве тысячы рублёў.

На сайце ТБМ была размешчаная інфармацыя, што па стане на 20 снежня на рахунку арганізацыі 63 рублі 90 капеек, на рахунку АРІП — 5 рублёў 90 капеек.

Анісім напісала, што ТБМ вядзе „даволі вялікую разнастайную дзейнасць”. „У нас у офісе праходзяць заняткі па навучанні польскай мове праз беларускую, а таксама курсы ўкраінскай мовы. Мы даем магчымасць праводзіць выставы мастакоў, ладзіць прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі. У нас ёсць яшчэ шмат задум і ідэй, якія хацелася б рэалізаваць на працягу 2018-га і наступных гадоў. Але ў нас вельмі востра паўстала фінансавае пытанне”, — паведаміла яна.

Паводле слоў Анісім, напярэдадні з’езда, які адбыўся 29 кастрычніка, ТБМ звярталася да прадпрымальнікаў, кіраўнікоў банкаў і прадпрыемстваў. „На жаль, падтрымалі нас толькі некаторыя людзі, што дазволіла годна правесці з’езд. Большасць тых, да каго мы звярталіся, або адмовілі ў дапамозе, або не адказалі зусім. Безумоўна, мы будзем і надалей шукаць (і спадзяюся, знойдзем) сродкі для правядзення агульнанацыянальнай дыктоўкі і мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР. Але гэта будзе магчымае, калі вы нам дапаможаце сёння сваімі ахвяраваннямі. Акрамя нас саміх, грамадзян Беларусі, турбавацца за стан і лёс беларускай мовы больш няма каму”, — напісала яна.

„Разумею, што клопатаў і расходаў напярэдадні зімовых святаў ва ўсіх хапае. Я і сама маю адпаведныя дабрачынныя абавязкі як дэпутат сваёй акругі. І таму спадзяюся, што знойдзецца дастаткова шмат людзей, хто здолее пералічыць хай і не вельмі вялікую суму — 10 рублёў (хтосьці менш, хтосьці і больш). І мы ў новым годзе будзем пашыраць сваю дзейнасць па стварэнні сучаснага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання ў Беларусі, а таксама рэалізоўваць новыя ідэі і ініцыятывы”, — дадала Анісім.

belapan.by