Музыкаў гурта “Дзецюкі” вызвалілі, відэа забралі на экспертызу



У міліцыі музыкам і здымачнай групе паведамілі, што ў аддзяленне іх даставілі для размовы. Падставай для затрымання стала адсутнасць у музыкаў дазваляльных папераў на здымкі.

Па непацверджанай інфармацыі ў міліцыю патэлефанавалі мясцовыя жыхары Заслаўя, якія спужаліся людзей у вайсковай форме. Музыкі былі апранутыя ў вайсковыя строі часоў грамадзянскай вайны. На здымачнай пляцоўцы былі і бел-чырвона-белыя сцягі, якія выкарыстоўвалі ў якасці рэквізіту.

Новы кліп гарадзенцаў здымаецца на песню «Хлопцы-балахоўцы» і прысвечаны чарговай гадавіне Слуцкага збройнага чыну. Усё знятае відэа міліцыя забрала на экспертызу, якая будзе доўжыцца прыкладна 10 дзён, паведамляе belsat.eu.

* * *

Гурт „Дзецюкі” 8 лістапада быў затрыманы АМАПам. Гарадзенскіх музыкаў затрымалі ў Заслаўі, дзе яны здымалі кліп. Пакуль усе затрыманыя знаходзяцца ў заслаўскім аддзяленні міліцыі, але ніхто не патлумачыў, чым яны парушылі закон – кажа ўдзельнік гурту „Дзецюкі” Алесь Дзянісаў:

– Галоўная прэтэнзія, што мы не ўзялі дазвол на здымкі кліпу, хоць гэта было голае поле і мы нікому не перашкаджалі. Не ведаю, што будзе далей. Пакуль мы сядзім у раённым аддзеле міліцыі, і нам ніхто нічога не тлумачыць. У нас сёння цягнік на Гародню. Магчыма нас затрымаюць на суткі.  

Як паведаміў Алесь Дзянісаў, затрымалі ўсіх музыкаў ды тых, хто дапамагаў у працы над кліпам, у тым ліку гісторыка Ігара Мельнікава. Усяго затрымана 15 удзельнікаў здымак.

 

Гарадзенскія Дзецюкі спяваюць у асноўным пра антыбальшавіцкі супраціў і паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Музыкі здымалі кліп на песьню «Хлопцы-балахоўцы» з свайго альбому «Гарадзенскі гармідар».

dz_article_big

1911643_356488237845499_8566077753248789812_n

Прыводзім храналогію падзей затрымання ў Заслаўі 8 лістапада:

18.20. Музыкі знаходзяцца ў РУУС г.Заслаўя. У іх зьбіраюцца браць сьведчаньні і складаць пратакол апытаньня.

18.30. «Яны здымалі кліп недзе з абеда, на ўскрайку Заслаўя. Песьня вымагала адпаведнага антуража, таму музыкі былі апранутыя ў строі часоў грамадзянскай вайны, у камуністаў, белагвардзейцаў…Некаторыя на конях. Так што акром музыкаў там былі гаспадары гэтых коней, а таксама рэканструктуры, гісторыкі, аўтар песень каманды Дзяніс Жыгавец….Калі я ўжо паехаў у Менск, Алесь Дзянісаў патэліў, сказаў, што іх затрымліваюць. Пакаваць сталі найперш тых, у каго не было пры сабе дакумэнтаў. А хлопцы іх пакінулі ў сваім бусіку, што стаяў у цэнтры Заслаўя…», – распавёў Tuzin.fm Глеб Рубанаў, які зьехаў трошкі раней, чым адбылося затрыманьне.

19.00. Удзельнікі па-ранейшаму знаходзяцца ў РУУС, у актавай залі. Па аднаму іх выклікаюць на допыт. Яны расказваюць, што здымалі кліп на сваю песьню і не парушалі беларускіх законаў. Міліцыянты пасьля допыту адводзяць удзельнікаў назад у актавую залю.

19.30. Дапыталі вакалістаў гурта: Пашу Трабла і Алеся Дзянісава. У Паўла пыталіся пра рэпертуар гурта, месца рэпетыцый і аўтарства песень. Алеся ж папрасілі даць тлумачэньні адносна сёньняшніх здымкаў у Заслаўі. На дадзены момант апыталі яшчэ ня ўсіх затрыманых.

20.20. На дадзены момант міліцыянты дапыталі ўсіх затрыманых. Музыкі па-ранейшаму знаходзяцца ў актавай залі РУУС. Пакуль ім не далі аніякіх тлумачэньняў ні пра прычыну затрыманьня, ні пра далейшы лёс. Хлопцы трымаюцца бадзёра, але змучыліся, зьмерзьлі і прагаладаліся. Хоць затрымалі музыкаў у 17.30, але ў пратаколе зафіксаваны час 18.00. Такім чынам, у 21.00 сканчаецца тры гадзіны і ўсіх па законе мусяць адпусьціць ці прад’явіць абвінавачваньне.

21.05. Усіх затрыманых музыкаў ды іншых удзельнікаў здымак (усяго 17 чалавек) адпусьцілі. Невядомы толькі лёс рэжысэра і апэратара роліка Антона Цялежнікава. Яго на допыт выклікалі першым і ў адрозьненьні ад астатніх, ён у залю не вярнуўся.

21.20. Дадаткова міліцыянты зладзілі пільны дагляд аўтамабіляў удзельнікаў здымак.

Алесь Дзянісаў: “Нам не далі аніякіх афіцыйных тлумачэньняў адносна затрыманьня. Адзінае, што сказалі неафіцыйна, што мы здымалі відэа без дазволу. Нас непакоіць лёс Антона, мы будзем яго чакаць. У яго якраз застаўся ўвесь адзьняты матэрыял для кліпа”.

Алесь таксама распавёў акалічнасьці затрыманьня. У 17.30 музыкі і здымачная група ўжо скончылі працу. Увесь матэрыял быў адзьняты. Некаторыя пераапраналіся, мусіла быць вячэра. Але лыжкі і відэльцы ўзяць не пасьпелі. Спачатку да іх падыйшлі два амапаўцы, пасьля пад’ехала яшчэ некалькі аўто, у тым ліку аўтазак. Усіх 18 чалавек, якія мелі дачыненьня да здымак, забралі ў мясцовае адзьдзяленьне міліцыі для высьветленьня абставінаў.

Dzieciuki не з сваёй волі нарабілі ў невялічкім Заслаўі шуму. У РУУС іх везьлі картэжам, зь мігалкамі, што прыцягнула ўвагу мясцовых жыхароў. Кажуць, што навіна пра затрыманьне музыкаў дайшла да кіраўніка гораду.

21.35. Адпусьцілі рэжысэра роліка Антона Цялежнікава. Увесь адзьняты матэрыял для кліпа міліцыянты забралі на 10 дзён – “для высьвятленьня зьместу”.

Антон Цялежнікаў адразу пасьля выхаду з адзьдзяленьня міліцыі распавёў Tuzin.fm: “Мяне адразу вылучылі як адказную асобу, бо я сказаў, што зьяўляюся ініцыятарам і арганізатарам здымак. Таму на мяне зьвярнулі асобную ўвагу. Я сядзеў асобна ад астатніх, фактычна ў калідоры. Пільнавалі мяне, каб не ўцёк, заўжды побач знаходзіўся міліцыянт ці амапавец. Мне сказалі, што асноная прэтэнзія да нас – адсутнасьць дазволу на здымкі. Шчыра скажу, я не ўяўляў, што такі дазвол патрэбны, бо здымкі ладзіліся прыватным чынам і мы нікому не перашкаджвалі. Вельмі спадзяюся, што матэрыял нам вернуць, бо нічога супрацьзаконнага там няма. Быў зроблены вялікі кавалак працы, шкада будзе яго страціць”.

[youtube id=”NclFX17eeXg”]

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя, паводле Tuzin.fm