ТБМ выпусціць паштоўкі да 100-годдзя БНР
Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” плануе выпусціць паштоўкі, прысвечаныя 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. „Стагоддзе БНР — гістарычная дата. Паштоўка ад ТБМ мае права заняць сваю нішу”, — паведаміла старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве тым часам не запланаваў яшчэ ніводнага мерапрыемства, каб адзначыць стагоддзе БНР, кажа дырэктар цэнтра Міхаіл Рыбакоў:
– Пакуль што мне цяжка сказаць штосьці канкрэтнае. З тымі беларусамі, якія пражываюць у Варшаве і на Беласточчыне, мы падтрымліваем кантакты і заўсёды гатовы адклікацца на розныя прапановы. Бо гэта неабавязкова, каб мы штосьці ініцыявалі: калі ёсць добрая ідэя і цікавыя праекты, то мы згодны падключацца.
Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная 25 сакавіка 1918 года. З 5 студзеня 1919 года Рада і ўрад БНР знаходзяцца ў выгнанні. Зараз старшынёй Рады БНР з’яўляецца Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя