У пінскім касцёле створана выстава, прысвечаная кардыналу Казіміру Свёнтку



Пінскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі запрашае наведаць выставу, прысвечаную першаму беларускаму кардыналу Казіміру Свёнтку. Экспазіцыю стварылі ў гонар стагоддзя іерарха, які напрацягу года адзначае беларускі каталіцкі касцёл. Кардынал не меў матэрыяльнага багацця, таму экспанаты маюць выключна гістарычную каштоўнасць, адзначыла адна з арганізатарак выставы Валянціна Марціновіч:

– Экспанаты – гэта архіў, гэта фотаздымкі, Мальтыйскі ордэн, гэта розныя выданні з публікацыямі пра кардынала. Матэрыяльных сродкаў ён ніколі не назапашваў. Гэта была асоба, якая шмат зрабіла для развіцця каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Свёнтак за вернасць Богу прайшоў праз сталінскія лагеры. У 1954 годзе вярнуўся з 10-гадовай высылкі і ўжо ў снежні разам з вернікамі адрадзіў дзейнасць касцёла. Іерарх памёр у Пінску 21-га ліпеня 2011 году на 97-м годзе жыцця. Пахаваны ў крыпце касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя