Зміцер Лупач пачынае новы год з суда



Новы год для незалежнага журналіста Змітра Лупача пачынаецца з яшчэ аднаго суда па адміністрацыйнай справе. Навагодні сюрпрыз журналісту зладзілі пастаўскія міліцыянты. Напярэдадні свята яны прыехалі ў Глыбокае, да хаты Змітра, уручылі яму позву ў суд і адразу ў машыне склалі пратакол.

Незалежнага журналіста зноў прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці па частцы другой артыкула 22.9 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб СМІ) за сюжэт на незалежным тэлеканале “Белсат” пра дэфіцыт угнаенняў.

Як падаецца Змітру Лупачу, улады адпрацоўваюць нейкую сваю, толькі ім вядомую тактыку: кропкава, мэтанакіравана і даволі часта ціснуць на адных і тых жа незалежных журналістаў.

Можа, у іх такая тактыка: выбраць аднаго чалавека і дадзяўбаць яго, каб ён папросту сышоў і ўсё. Іншага разумнага тлумачэння я не магу прыдумаць. Я думаю, што не вельмі прыемна, калі цябе апытваюць, тым больш калі ты нічога такога дрэннага не зрабіў.

За мінулы год Змітра Лупача чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”. Новы год зноў пачынаецца з таго ж самага. Як падаецца Змітру і яго сябрам, ціск на яго адбываецца аналагічна ціску на яго калегаў з Гомеля. Кастусь Жукоўскі пакуль трывае, а вось яго калега Ларыса Шчыракова ўжо заявіла пра сыход з прафесіі праз ціск уладаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі