Андрэй Пачобут сумняецца, што “пасведчанне суайчынніка” прымуць



Журналіст і актывіст Саюза палякаў на Беларусі Андрэй Пачобут пракаментаваў магчымасць увядзення ў Беларусі “пасведчання суайчынніка”.

Як вядома, дэпутаты прапанавалі ўвесці «пасведчанне суайчынніка» для выхадцаў з Беларусі і іх нашчадкаў. Пасведчанне змогуць атрымліваць не толькі этнічныя беларусы, але і нашчадкі беларускіх габрэяў, беларускіх палякаў і іншых выхадцаў з Беларусі.

Чакаецца, што ва ўладальніка такога пасведчання будуць пэўныя прэферэнцыі. Напрыклад, магчымасць прыехаць у Беларусь без візы.

Андрэй Пачобут: Размовы пра гэта вядуцца даўно, але я не перакананы, што цяпер гэтае пасведчанне будзе прынята. Сама ідэя падтрымкі сваёй нацыянальнай меншасці, якая жыве паза межамі Беларусі, добрая справа. Любая нармальная дзяржава павінна гэтым займацца. І пакуль я не бачыў праекта закона, цяжка нешта канкрэтна сказаць. Звяртае ўвагу аднак тое, што галоўнай дэкларуемай мэтай з’яўляецца атрыманне падтрымкі ад дыяспары, а не наадварот.

РР: Дэпутаты кажуць, што не варта “пасведчанне суайчынніка” параўноўваць з “картай паляка”.

Андрэй Пачобут: Тут ёсць і падабенствы, і адрозненні. “Карта паляка”, як і падобныя дакументы, якія прыняты, скажам, у Венгрыі ці іншых краінах, адрасаваны сваім меншасцям. Беларускі дакумент больш шырэйшы. Хаця, як мне падаецца, улада не бачыць Беларусь як нацыянальную дзяржаву.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя