Беларуская Праваслаўная Царква акрэсліла новыя задачы
Якім быў 2017 год для вернікаў Беларускай праваслаўнай Царквы? Самым галоўным вынікам года і новым задачам быў прысвечаны архірэйскі Сабор, які прайшоў у снежні.
Сто гадоў трагедыі бальшавіцкага перавароту і сто гадоў аднаўлення патрыяршаства, на думку ўдзельнікаў, былі вызначальнымі датамі мінулага года. Кажа архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій:
– Увесь 2017 год быў прысвечаны адмысловаму шанаванню навамучанікаў і вызнаўцаў. Заклік да ўсеагульнага пакаяння, заклік асэнсаваць тое, што адбылося. Нават віну Царквы ў тым, што адбылося, а не мусіла адбыцца. Чаму так здарылася? Хто вінаваты? І, канешне, знамянальна, што год завяршаўся архірэйскім саборам, прысвечаным адраджэнню патрыяршаства. Здавалася б парадаксальна, што багаборніцтва аказалася больш свабодным для абрання патрыярха, чым калі поўная залежнасць ад дзяржавы.
Цяпер Беларуская Праваслаўная Царква, як частка Маскоўскай Патрыярхіі, стараецца вызначыць шлях Царквы сённяшняга дня. Кажа уладыка Арцемій:
– Маё меркаванне, трэба вяртацца да вытокаў старажытнай царквы. Да патрабаванняў веры, глыбіні спаведніцтва. Бо вера зараз пераўтвараецца ў нейкі знешні атрыбут – напаўідэалагічны, напаўкультурны. Быццам станоўчы. Можна сказаць, што нейкая ідэалогія і культурная спадчына з элементамі рэлігійнасці. А рэлігія патрабуе ўсеагульнай аддачы. Слова religare, як мы ведаем, азначае адзінства чалавека і вышэйшай істоты. Мы мусім хадзіць перад вачыма Божымі.
За мінулы год Беларуская Праваслаўная Царква годна адзначыла юбілейную дату 500-годдзя Бібліі Францішка Скарыны, выдаўшы Новы Запавет па-беларуску і правёўшы шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.