Для ўдзелу ў нацыянальным адборы „Еўрабачання-2018” паступіла 95 заявак



Для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры конкурсу песні „Еўрабачанне-2018” у Белтэлерадыёкампанію паступіла 95 заявак.

Сярод прэтэндэнтаў як сольныя выканаўцы, так і музычныя калектывы, прычым не толькі з Беларусі, але і Расеі, Украіны, Таджыкістана, Малдовы.

Пры гэтым колькасць заявак да гэтага часу не канчатковая і можа змяніцца, да праслухоўвання будуць дапушчаны не ўсе прэтэндэнты. Ужо вядома, што некаторыя калектывы прыслалі кампазіцыі, у якіх словы або музыка народныя, што забаронена правіламі „Еўрабачання”.

У адпаведнасці з палажэннем адбору, апошняй датай адпраўкі бандэролей было 26 снежня 2017 года. Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з некалькіх дзён, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі былі разгледжаны арганізатарамі адбору на прадмет строгай адпаведнасці ўмовам палажэння аб конкурсе і міжнародным правілам.

Першы этап нацыянальнага адбору – праслухоўванне – пачнецца 11 студзеня ў 12.00 у студыі „600 метраў” Белтэлерадыёкампаніі. Сайт медыяхолдынга будзе весці анлайн-трансляцыю. Праслухоўванне пройдзе ў рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду або якіх-небудзь вакальных імітацый. У бліжэйшы час на сайце медыяхолдынга з’явіцца склад прафесійнага журы, якое вызначыць фіналістаў адборачнага тура. Іх будзе не больш за 15, імёны стануць вядомы ўвечары пасля праслухоўвання.

Фінал нацыянальнага адбору пройдзе не пазней за 1 сакавіка ў фармаце тэлеканцэрта. Удзельнік фіналу, які набярэ найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў, будзе аб’яўлены пераможцам праекта і стане афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе песні „Еўрабачанне-2018” у Лісабоне (Партугалія).

belta.by