Паэты, палітыкі, мастакі і каты… Некаталіцкія могілкі Рыма



У італійцаў ёсць дзіўная рыса: ператвараць музеі ў могілкі, а могілкі – у музеі. Некаталіцкія могілкі ў рымскім раёне Тэстача наведвае не менш аматараў прыгажосці, чым залы Капіталійскіх музеяў.

Цвінтар у Тэстача – гэта не вялізныя індустрыялізаваныя Паўночныя могілкі Менска, са стандартнымі надмагіллямі, пошлымі «Любим, помним, скорбим» і штучнымі кветкамі ў маянэзных слоіках. Кожны помнік тут непаўторны, і кожны – сапраўдны твор мастацтва, не меншы, чым конная статуя Марка Аўрэлія на тым жа Капітоліі. Бо выяўляць павагу да памерлых праз высокае мастацтва – таксама тыпова італійская рыса.

Зрэшты, пра ўсё па парадку.

Могілкі ў Тэстача – не самыя старыя ў італійскай сталіцы, ім усяго трыста пяцьдзясят гадоў. Калісьці яны знаходзіліся на гарадской ускраіне, і хавалі там пераважна тых гасцей Рыма, якім не пашчасціла (ці наадварот, пашчасціла) тут памерці. З іншаземцаў у Рыме найчасцей паміралі чамусьці брытанцы, прытым больш за ўсё чамусьці літаратары і мастакі. Магілы паэтаў Персі Шэлі і Джона Кітса, мемуарыста Эдварда Трэлані, актрысы Белінда Лі і шмат каго іншых размешчаныя кампактна, блізка адна адной; пачуццё Радзімы ўласцівае для падданых Яе Вялікасці не толькі пры жыцці, але і пасля смерці. Непадалёк ад ангельскага сектара ляжыць сціплая надмагільная пліта Грэгары Корса – вялікага хулігана, рабаўніка, мастака і паэта, аднаго з пачынальніка амерыканскага руху бітнікаў. Кітайскія магілы стаяць паасобку, нямецкія, італійскія і расейскія – таксама паасобку.

У расейскім сектары ёсць і беларуская магіла. З эпітафіі вынікае, што Алена Жаромская, народжаная ў 1974 годзе ў Асіповічах, памерла ў Рыме два з паловай гады таму. Але кім была тая Алена, як апынулася ў Італіі і чаму памерла такой маладой, невядома. Але ці не самая выштукаваная магіла расейскага сектара пахаванняў – немца Карла Брулава, аўтара “Апошняга дня Пампеяў” і знанага расейскага мастака.

У самым канцы могілак узвышаецца надмагілле Антоніа Грамшы – заснавальніка Камуністычнай партыі Італіі, а зусім блізка яе – пахаванне могілкавага коціка Рамэа, які памёр праз шэсцьдзясят дзевяць гадоў пасля адэпта ідэяў Маркса-Леніна-Сталіна.

У магілаў Персі Шэлі, Джона Кітса і Рамэа наведвальнікаў заўсёды больш, чым у капца Антоніа Грамшы. Што ўскосна сведчыць: любоў да паэзіі і да коцікаў заўсёды перамагае ідэі камунізма.

Хай сабе і пасмяротна.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя