Золатавалютныя рэзервы за 2017 год выраслі на 2,4 млрд долараў



Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 студзеня 2018 года, паводле папярэдніх даных, склалі 7 млрд 315,3 млн долараў ЗША (у эквіваленце). У цэлым па выніках 2017 года прырост рэзерваў склаў 2 млрд 388 млн долараў ЗША (48,5%).

За снежань 2017 года, паведамляе Нацбанк, золатавалютныя рэзервы знізіліся на 98,4 млн долараў ЗША (на 1,3%) пасля росту ў лістападзе 2017 года на 18,4 млн (на 0,2%).

 

Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год быў прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў у вызначэнні МВФ не менш чым на 500 млн долараў ЗША.

Пры гэтым урадам і Нацыянальным банкам у поўным аб’ёме былі выкананыя знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце, падкрэсліў фінансавы рэгулятар.

У 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні стандарту МВФ павялічыліся на 751 млн долараў ЗША (18%) і склалі 4 млрд 927,2 млн долараў ЗША (у эквіваленце) на 1 студзеня 2017 года. Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзерваў не менш чым на 500 млн долараў ЗША.

Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння ўрадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш за 6 млрд долараў ЗША.

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур у кастрычніку выказаў журналістам меркаванне, што ў будучыні рэальна давесці золатавалютныя рэзервы краіны да 10 млрд долараў. „Паводле нашых ацэнак, цалкам рэальна папаўняць рэзервы за кошт прыцягнення на ўнутраным рынку замежнай валюты на 1-1,5 млрд долараў за год”, — сказаў ён.

Разам з тым беларускія эканамісты звяртаюць увагу на рызыкі, якія могуць перашкодзіць выкананню задачы па павелічэнні золатавалютных рэзерваў. „Асноўныя крыніцы прытоку замежнай валюты ў краіну схільныя да рознага роду рызыкаў. Не сакрэт, што беларускі экспарт моцна сканцэнтраваны і ў асноўным арыентаваны на Расею. Падзенне валютнай выручкі ў 2015—2016 гады паказала, што можа адбывацца ў Беларусі, калі расійскую эканоміку ліхаманіць”, — адзначыла акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Эксперт таксама канстатавала, што дынаміка ЗВР залежыць не толькі ад валютных паступленняў, але і ад расходаў.

belapan.com