У Бярозаўскім райвыканкаме дадзены ход заяве ад 36 грамадзян



Актыўныя грамадзяне напярэдадні Новага года звярнуліся да ўладаў з просьбай пашырыць месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў. Іх не задавальняе адзінае бязлюднае месца на задворках Бярозы, куды ўлада пасылае  ладзіць рэдка дазволеныя пікеты. Падпісанты лічаць, што маюць права выказаць свае погляды і стаўленне да падзей у людных месцах горада.

Падчас сустрэчы чыноўнікаў і падпісантаў адбылася канструктыўная размова. Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Тарасюк і намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела Уладзімір Крагель паабяцалі давесці пачутае на паседжанні выканкама. Прысутныя на сустрэчы пажадалі самі прысутнічаць на паседжанні. Што было з боку чыноўнікаў успрынята станоўча.

Да магчымасці станоўчага вырашэння праблемы актывісты паставіліся скептычна:

Не ведаю. Мне хочацца спадзявацца. Але я чамусьці не ўпэўнены. Ім зверху скажуць не лезці куды не трэба, і яны нам прыдумаюць штосьці іншае.

– І я таксама спадзяюся. Але думаю, што не адны яны вырашаюць.

– Яны таксама на кантракце. І яны таксама есці хочуць. І ў іх дзеці ёсць і ўнукі.

Сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі лічыць, калі ўлада не ліквідуе дыскрымінацыю ў грамадстве, аб руху ў еўрапейскім кірунку нават і марыць не трэба:

– Мы не маем магчымасці данесці сваю думку, альбо пратэст супраць чагосьці канкрэтнага да іншых жыхароў Бярозы. Праводзім пікеты па завуголлях. У нашых сяброў абурэнне: адным можна стаяць на плошчы з чырвоным сцягам, на якой нават зараз падчас пікетаў па зборы подпісаў гэта забаронена.

Ці пойдзе бярозаўская ўлада насустрач пажаданню сваіх актыўных грамадзян, стане вядома пазней.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза