Іранскія ўрокі
Ужо практычна тыдзень Іран ахоплены народнымі хваляваннямі. Прычынай паслужыла цяжкая сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне. На тле якой іранскія ўлады прынялі рашэнне паменшыць колькасць людзей, што атрымліваюць дзяржаўную дапамогу па беднасці адразу на 30 млн чалавек. У выніку ў галечы апынулася 54 млн чалавек з агульнага насельніцтва Ірана каля 80 млн чалавек. Пры гэтым іранскія ўлады працягваюць шчодра фінансаваць выдаткі на рэалізацыю сваіх знешнепалітычных амбіцый, падтрымліваючы дружалюбныя палітычныя сілы за мяжой. А калі адных грошай для саюзнікаў ужо недастаткова, афіцыйны Тэгеран адпраўляе ў дапамогу сваіх наймітаў і вайскоўцаў. Апошнія ўсё часцей вяртаюцца дадому ў трунах. Збядненне большасці народа на фоне абсалютна неадэкватнай знешняй палітыкі ўладаў і выклікала бунт іранцаў. Вельмі хутка сацыяльныя лозунгі былі дапоўнены палітычнымі. У тым ліку і накіраванымі супраць існуючай у краіне сістэмы тэакратычнага праўлення.
Тое, што адбываецца ў Іране – гэта класічны бунт. Пакуль няясныя ні яго перспектывы, ні здольнасці уладаў аднавіць кантроль за сітуацыяй. Але некалькі павучальных высноў можна зрабіць ужо зараз.
На Захадзе прывыклі разглядаць Іран у якасці краіны з ультракансерватыўным грамадствам, дзе роля рэлігіі ў жыцці простых людзей вызначальная. Аднак, гэты погляд відавочна састарэў. Месца для традыцыі – гэта малыя грамады, у першую чаргу – сельскія. Вялікія гарады жывуць ва ўласнай сістэме каштоўнасцяў. А погляды адукаванага гараджаніна адрозныя ад поглядаў селяніна. Іран – краіна адукаваных гараджан. Іранскія гараджане ведаюць, што можна жыць па-іншаму і яны хочуць жыць па-іншаму.
У любой культуры найважнейшай каштоўнасцю для людзей застаецца справядлівасць. А галоўнае, што народ чакае ад сваіх кіраўнікоў – гэта здаровы сэнс. Калі палітыка ўладаў несправядлівая і супярэчыць здароваму глузду – людзі паўстаюць.
Устойлівасць несвабодных рэжымаў можа апынуцца ілюзорнай. Ісламская Рэспубліка Іран прайшла праз жорсткія выпрабаванні. Спачатку шматгадовая і цяжкая вайна з Іракам. Потым гады заходніх санкцый. Іранцы цярпелі і падтрымлівалі свой ўрад. Падобна на тое, што іранскія мулы вырашылі: так будзе заўсёды. І вось краіна ахопленая бунтамі. Прычым такога маштабу, што многія вышэйшыя кіраўнікі Ірана ў спешцы вывозяць свае сем’і за мяжу.
Надзейнасць сілавых структур у выпадку ўнутранага канфлікту заўсёды адносная. Ніжнія чыны іранскай арміі і паліцыі – самі выхадцы з народу. Яны ведаюць жыццё простых людзей і несправядлівасць існуючай сістэмы. Сутыкнуўшыся з маштабным бунтам народу, армія Ірана заняла нейтралітэт. А паліцыя ў многіх месцах не процідзейнічае пратэстоўцам. Каб узяць сітуацыю пад кантроль іранскія ўлады вымушаныя звярнуцца да афганскіх наймітаў.
Я упэўнены, што ў Менску ўважліва назіраюць за развіццём сітуацыі ў Іране. Таму, што беларускае кіраўніцтва ведае, наколькі наша сістэма дзяржаўнай улады далёкая і ад народа, і ад справядлівасці. А значыць, і ўстойлівасць беларускага рэжыму – велічыня невядомая. І ўсё можа абрынуцца хутка і без бачных прычын. У гісторыі такія прыклады былі ў мінулым, гэта адбываецца на нашых вачох зараз і будзе здарацца ў будучыні.