Пікет ад правацэнтрысцкай кааліцыі за Ігара Банцара
У Гародні на мікрараёне Фолюш адбыўся пікет у падтрымку незалежнага кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігара Банцара. Пікет быў адметны тым, што на ім, апроч сцягоў партыі, луналі сцягі ад незалежнага прафсаюза РЭП, сцяг БХД і бел-чырвона-белы сцяг.
Пра рэакцыю людзей на пікет распавядае Ігар Банцар:
– Самая цікавая рэакцыя – гэта рэакцыя на тыя сцягі, што вісяць над намі. Бо людзі адвыклі ад таго, што ёсць альтэрнатыва, што ёсць бел-чырвона-белы сцяг, што людзі не баяцца, выходзяць і выказваюць сваё меркаванне. Бачна, што людзі стаміліся ад той хлусні, якая цягнецца ўжо 23 гады, ад казак, якія нам расказваюць па тэлевізары, як мы добра жывём. Людзі глядзяць на свае кашалькі і выдатна разумеюць, што жыццё з кожным годам становіцца ўсё горшым і горшым.
Сябра БХД Сяргей Верамеенка кажа пра прысутнасць сяброў іх арганізацыі на гэтай акцыі:
– Сёння падтрымліваем пікет Ігара Банцара – кандыдата ад АГП. Дарэчы, гэта партыя, якая ўваходзіць у нашу агульную правацэнтрысцкую кааліцыю. Таму і я тут. Гэта па-першае. А па-другое, я тут, бо падтрымліваю ўсе дэмакратычныя арганізацыі, якія ёсць у нас на Гарадзеншчыне. Акрамя таго, я таксама з’яўляюся сябрам прафсаюза РЭП.
За дзве гадзіны пікета да актывістаў падышло больш за сотню гарадзенцаў, якія пакідалі свае дадзеныя, каб стаць незалежнымі назіральнікамі на мясцовых выбарах.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня