Беларусы ў Польшчы атрымаюць менш сродкаў на культуру
На 10-20% зменшаны датацыі, а некаторыя мерапрыемствы не падтрыманыя ўвогуле.
Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы агучыла вынікі конкурсу на фінансаванне дзейнасці і мерапрыемстваў нацыянальных меншасцяў.
Беларускае грамадска-культурнае таварыства атрымала на 50 тыс злотых менш, чым летась. Сродкаў, якія прапануюцца Тыднёвіку беларусаў Польшчы „Ніва”, хопіць да кастрычніка.
Беларускае гістарычнае таварыства атрымала сродкі на дзейнасць, але не ўсе прапановы былі падтрыманыя, кажа прафесар Алег Латышонак:
– Мы атрымалі на выданне „Беларускага гістарычнага зборніка”, а таксама на арэнду афісу і бугалтэрыю – асноўныя нашы патрэбы былі забяспечаны. На жаль мы не атрымалі грошай на канферэнцыю на стагоддзе абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якую мы планавалі пад канец траўня.
Беларускае гістарычнае таварыства плануе перанесці канферэнцыю на восень і прыняць удзел у другім туры конкурса на дафінансаванне праектаў.
У бюджэце Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы застаецца яшчэ 6 мільёнаў на ахову, падтрымку і развіццё культуры і мовы нацыянальных меншасцяў.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя