Папа Рымскі павіншаваў хрысціян, якія святкуюць Раство па юльянскім календары



Папа Рымскі Францыск павіншаваў усіх хрысціян усходняга абраду, якія святкуюць Раство па юльянскім календары 7 студзеня. Пра гэта паведаміла „Радыё Ватыкану”.

„Шаноўныя браты і сёстры, некаторыя ўсходнія цэрквы, каталіцкія і праваслаўныя днямі святкуюць Раство Гасподняе. Складаю ім свае шчырыя віншаванні: няхай гэтыя радасныя святкаванні стануць крыніцай абноўленай духоўнай сілы і дыялогу паміж усімі намі – хрысціянамі”, – сказаў Папа ў час нядзельнай імшы.

У Беларусі Раство паводле юльянскага календара адзначаюць праваслаўныя. А ў суседняй Украіне – усе хрысціянскія цэрквы, уключна з Грэцка-каталіцкай царквой, пільнуюцца даты 7 студзеня. Паводле грыгарыянскага календара Раство ў паўднёвых суседзяў адзначаюць толькі рыма-каталікі.

Беларускае Радыё Рацыя