АГП: У народа ўкралі права выбару



Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) выступіла з заявай, у якой абвінавачвае ўладу ў падрыхтоўцы „да чарговай фальсіфікацыі вынікаў выбараў” і патрабуе адстаўкі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Заява прынята палітсаветам АГП 8 студзеня па выніках фарміравання ўчастковых выбарчых камісій для правядзення выбараў у мясцовыя саветы, якія пройдуць 18 лютага.

Фарміраванне выбарчых камісій завяршылася 3 студзеня. Паводле даных кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”, у склад камісій уключана 26 прадстаўнікоў апазіцыйных партый — гэта ўсяго 11% ад вылучаных. У той жа час у склад камісій увайшлі 97% прадстаўнікоў праўладных грамадскіх аб’яднанняў і 95,9% членаў праўладных палітычных партый.

Як адзначаецца ў заяве АГП, „у Беларусі ёсць суб’екты, якія пасягаюць на асновы канстытуцыйнага ладу, паколькі не разглядаюць народ як крыніцу дзяржаўнай улады”. „У грамадзян украдзеная магчымасць выбару сваіх прадстаўнікоў. Выбары сталі імітацыяй, а выбаршчыкі ўжо шмат гадоў не могуць назваць прозвішча свайго дэпутата. Гэта адбываецца таму, што працэс выбараў стаў непразрыстым, што дае магчымасць проста не лічыць галасы. Дэпутаты ўсіх узроўняў служаць тым, хто іх прызначыў, а не выбаршчыкам. Людзі! У вас укралі права выбару!” — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Выбарчыя камісіі па законе павінны фарміравацца з прадстаўнікоў розных арганізацый і палітычных партый, — заяўляе палітсавет АГП. — Ідэя ў тым, што яны павінны складацца з людзей з рознымі палітычнымі поглядамі і інтарэсамі, каб не было змовы для несумленнага падліку галасоў. Што ж адбываецца на практыцы? Як правіла, усе камісіі складаюцца з работнікаў аднаго працоўнага калектыву, а ўзначальваюцца кіраўніком гэтага калектыву або яго намеснікам. Пры кантрактнай сістэме пярэчанне начальніку раўнасільнае страце працы„.

АГП таксама заяўляе, што бярэ абмежаваны ўдзел у выбарах. Адной з задач такога ўдзелу „з’яўляецца збор доказаў і фактаў, што выбаршчыкаў пазбавілі права выбару і ў Беларусі няма сумленных свабодных выбараў па стандартах АБСЕ”.

АГП паведамляе, што вылучыла ва ўчастковыя выбарчыя камісіі 83 „дасведчаныя і падрыхтаваныя прадстаўнікі — юрыстаў, людзей з вопытам працы ў парламенце, органах мясцовага самакіравання”, аднак з іх у склад камісій уключаны толькі адзін чалавек. „І гэта ёсць пасланне чыноўнікаў, гранічна яснае — яны будуць красці галасы выбаршчыкаў, яны будуць учыняць злачынствы, яны будуць зноў прызначаць дэпутатаў”, — лічаць у АГП.

Палітсавет партыі нагадвае, што фальсіфікацыя выбараў з’яўляецца крымінальным злачынствам, а таксама заклікае грамадзян стаць назіральнікамі на мясцовых выбарах і не заплюшчваць вочы на такія фальсіфікацыі.

АГП патрабуе адстаўкі старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, якая, як гаворыцца ў заяве, стала „сімвалам падману выбаршчыкаў і гэтым ганьбіць нашу краіну”.

Каментуючы  заяву АГП, Ярмошына падкрэсліла: „Яны маюць права патрабаваць чаго заўгодна, але доказаў якіх-небудзь парушэнняў у іх няма”.

„Нешта падобнае да гэтага яны заяўляюць перад і падчас кожнай выбарчай кампаніі, — дадала яна. — Абсалютна галаслоўная заява, ніякіх доказаў якіх-небудзь парушэнняў у падрыхтоўцы да фальсіфікацый, як яны сцвярджаюць, у іх няма. Гэта, што называецца, „пакрычалі нешта, чаго няма на самай справе”.

На думку Ярмошынай, выбаршчыкі часта не ведаюць сваіх дэпутатаў не таму, што выбары праводзяцца з парушэннямі, а таму што дэпутаты працуюць не так актыўна альбо выбаршчыкі да іх не звяртаюцца. „Гэта зусім не звязана з выбарамі, гэта асобная дзейнасць функцыянавання органа мясцовага самакіравання”, — падкрэсліла яна.

Гаворачы аб выніках фарміравання ўчастковых камісій, у склад якіх вылучаліся прадстаўнікі АГП, кіраўнік ЦВК адзначыла: „Тыя людзі, якіх яны вылучылі, на думку мясцовых уладаў, з’яўляюцца недастаткова кваліфікаванымі для правядзення гэтай працы. Можа быць, не карыстаюцца аўтарытэтам у грамадстве. Мне цяжка сказаць — трэба разглядаць кожную кандыдатуру. Скаргаў у Цэнтральную камісію з гэтай нагоды не паступала”.  БелаПАН