Пачаліся перамовы паміж КНДР і Рэспублікай Карэя



КНДР і Рэспубліка Карэя пачалі 9 студзеня першыя са снежня 2015 года перамовы адносна шляхоў паляпшэння адносін, паведамляюць інфармагенцтвы.

Перамовы праходзяць на міністэрскім узроўні. У склад дэлегацый уваходзяць па пяць чалавек ад краіны. Дэлегацыю Рэспублікі Карэя ўзначальвае міністр аб’яднання Чо Мён Гён, КНДР – старшыня Камітэта па мірным аб’яднанні Карэі Ры Сон Гвон.

Бакі абмяркоўваюць практычныя крокі па паляпшэнні адносін Сеула і Пхеньяна. У тым ліку размова ідзе аб магчымым удзеле спартсменаў КНДР у зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года ў Пхёнчхане.

Акрамя таго, абмеркаванне можа быць сканцэнтравана на пытаннях аслаблення напружанасці, у тым ліку аднаўлення абмену паміж сваякамі, раз’яднанымі з-за расколу краіны.

Раней лідар КНДР Кім Чэн Ын у звароце да нацыі даручыў стварыць умовы для паляпшэння адносін з Рэспублікай Карэя. Прычым размова ідзе не толькі аб нармалізацыі адносін, але і прымірэнні і ўз’яднанні карэйскага народа. Станоўчыя вынікі могуць быць дасягнуты толькі ў выпадку намаганняў з абодвух бакоў, адзначыў ён.

belta.by