Лідскія краязнаўцы шукаюць месца падпісання Востраўскага пагаднення



З сенсацыйнай заявай выступіў днямі рэдактар незалежнага часопіса “Лідскі летапісец” Валерый Сліўкін. Раней у згаданым выданні ён жа падтрымаў існуючую гіпотэзу пра тое, што гістарычнае Востраўскае пагадненне 4 жніўня 1392 года было падпісанае непадалёк ад вёскі Мыта, што на Лідчыне. Як вядома,  у выніку гарадзенскі князь Вітаўт стаў правіцелем ВКЛ. Інфармацыю падкінула знаходка гаспадара агратурыстычнай сядзібы “Мытнянскі гасцінец” Віктара Аўгустына. Распавядае гаспадар сядзібы:

– Чуў раней пра тое, што ў гэтым месцы, побач з вёскай Мыта, быў маёнтак, у якім была падпісана дамова на карысць Вітаўта. Быў я там на рыбалцы. Рака Дзітва там працякае. Месца балацянае. Адзін год размыла узбярэжжа – прайшоў моцны дождж. Гляджу, з’явіліся рэшткі нейкага збудавання – цэгла, падмуркі. Шмат там знаходзілі манет розных краін.

Тым часам краязнаўца ды гісторык Валеры Сліўкін лічыць, што пошукі дакладнага месца заключэння Востраўскага пагаднення тоесныя пошукам зруйнаванай Троі. Польскія гісторыкі лічаць, што яно было заключанае ў маёнтку Востраў, што пад Люблінам.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя