Змітра Лупача зноў пакаралі за супрацу з «Белсатам»



25 базавымі велічынямі штрафу (гэта 612,5 беларускіх рублёў) пакараў журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача суд Пастаўскага раёна. Суддзя Наталля Максімовіч прызнала яго вінаватым па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Падставай для гэтага стаў сюжэт на незалежным тэлеканале “Белсат” пра дэфіцыт угнаенняў у Пастаўскім раёне.

Зміцер Лупач не лічыць сябе вінаватым, бо ён не вырабляе ніякай прадукцыі, якую яму ставяць у віну. Гэта робіць рэдакцыя, а не фізічная асоба. А збіраць і распаўсюджваць інфармацыю ён мае права згодна з Канстытуцыяй Беларусі.

Я лічу, што беларускія заканадаўцы парушаюць Канстытуцыю, калі прыдумалі такі артыкул, які дзеліць нас на дзве катэгорыі: проста журналіст і журналіст замежных СМІ. Я лічу, што такога не павінна быць. Думаю, у іншых краінах гэтага няма.

У мінулым годзе па артыкуле 22.9 КаАП Змітра Лупача прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці чатыры разы і агулам штраф склаў 3105 беларускіх рублёў. Сёлета год для журналіста зноў пачаўся з абвінавачвання за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ. Паводле гэтага артыкула за 2017 год журналісты “Белсата” заплацілі дзяржаве каля 14 000 даляраў.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае