Банкам даручана перагледзець стаўкі па раней выдадзеных крэдытах



 

Беларускія банкі пераглядаюць працэнтныя стаўкі па раней выдадзеных крэдытах у сувязі з даручэннем Нацыянальнага банка, паведаміў БелаПАН эксперт у банкаўскіх колах. Паводле яго інфармацыі, у хуткім часе камерцыйныя банкі павінны даць справаздачу перад рэгулятарам аб праведзенай працы.

Высокія працэнтныя стаўкі па праблемных крэдытах генеруюць налічаны, але не атрыманы даход. Па праблемных крэдытах, па якіх трэба фарміраваць рэзервы, банкам не мае сэнсу трымаць працэнтныя стаўкі на высокім узроўні. Каб праблемныя пазычальнікі разлічыліся, банкі зацікаўленыя зніжаць працэнтныя стаўкі„, — растлумачыў суразмоўца.

Таму, дадаў ён, банкі правядуць працу па зніжэнні працэнтных ставак па праблемных крэдытах і да 20 студзеня здадуць справаздачу перад Нацбанкам.

Ліст з рэкамендацыямі знізіць працэнтныя стаўкі па раней выдадзеных крэдытах рэгулятар накіраваў камерцыйным банкам 4 студзеня. У лісце таксама паведамлялася, што інфармацыю аб праведзенай працы па зніжэнні працэнтных ставак „з мэтай падрыхтоўкі даклада кіраўніку дзяржавы аб мерах, што прымаюцца банкамі для стабілізацыі фінансавага стану крэдытаатрымальнікаў”, Нацбанк чакае атрымаць да 20 студзеня.

На адной з нарад у лістападзе 2017 года Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад камерцыйных банкаў, каб яны ў сваёй працы „максімальна ўлічвалі інтарэсы нацыянальнай эканомікі”.

У сваім лісце камерцыйным банкам рэгулятар даручаў знізіць працэнтныя стаўкі па раней выдадзеных крэдытах „у адпаведнасці з сярэднімі працэнтнымі стаўкамі, якія склаліся ў снежні 2017 года на крэдытным рынку”.

Акрамя гэтага, „для зніжэння рызык невыканання крэдытаатрымальнікамі абавязацельстваў па крэдытах, пададзеных у замежнай валюце”, Нацбанк прапанаваў „разгледзець магчымасць пераводу валютнай запазычанасці ў беларускія рублі ў выпадку недастатковасці ў крэдытаатрымальнікаў валютнай выручкі для выканання абавязацельстваў”.    БелаПАН