«Аўстралійскі» грып Беларусі не пагражае
Як паведаміла на прэсавай канферэнцыі ў Менску кіраўніца Нацыянальнага цэнтру па грыпе Наталля Грыбкова, так званы аўстралійскі грып – вірус H3N2 – ужо быў у нашым рэгіёне ў мінулым сезоне. Гэта вірус, які дрэйфаваў і прыйшоў у гэтым годзе ў Аўстралію памацнеўшым. Пры гэтым вакцына, што там выкарыстоўвалася, прадугледжвалася для іншага варыянта віруса, таму і такія наступствы – калі 300 смерцяў на 170 тысяч хворых.
– Ёсць вірус грыпа H3N2, які з’явіўся ў краінах Паўночнага паўшар’я ў мінулым эпідэмічным сезоне. І ён ужо цыркуляваў у нашай краіне. Паколькі нашай імуннай сістэме ён ужо знаёмы, мы будзем думаць, што ў нас прайшла частковая натуральная імунізацыя насельніцтва. Вакцыны, якія мы можам выкарыстоўваць, змогуць абараніць і ад гэтага новага варыянту.
Наталля Грыбкова падкрэсліла, што на які б грып не захварэў чалавек, ён павінен адразу звяртацца да медыкаў. Ні ў якім разе нельга ісці на працу і займацца самалячэннем.
Пакуль у нашай краіне адзначаюць адзінкавыя выпадкі захворвання на грып, эпідэміі не чакаецца, але напрыканцы студзеня можа быць уздым захворванняў, сказала Наталля Грыбкова.
– Што тычыцца Еўропы, то за апошні тыдзень узрасла актыўнасць вірусаў. Хто ездзіў на канікулы, або на калядныя святы ў Польшчы, мог той вірус пахапіць і прывезці грып у Беларусь. Таму нашыя заходнія вобласці, Гарадзенская і Берасцейская, зараз знаходзяцца пад асаблівай увагай, паколькі там кантакты былі найбольш частыя.
Вакцынацыяй супраць грыпа ў гэтым годзе ахоплена 40 з паловай працэнтаў насельніцтва Беларусі – амаль 3,8 мільёна чалавек.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск