Абвал расейскага рубля б’е па беларускіх экспарцёрах
Днямі Цэнтральны банк Расеі адпусціў расейскі рубель у “вольнае плаванне”. Эканаміст Сяргей Чалы распавядае, якім чынам гэта можа адбіцца на беларускай эканоміцы.
У Беларусі абвал расейскага рубля працягваецца. Сёння курс расейскага рубля абваліўся на 3 рублі да 234,5 беларускіх рублёў. Яшчэ ніжэй курс расейскай валюты апошні раз знаходзіўся аж у кастрычніку 2011 года.
Усяго за 10 дзён лістапада расейскі рубель абваліўся на 21,0 рубель, а з пачатку года беларускі рубель умацаваўся да расейскага больш чым на 19 працэнтаў.
Сяргей Чалы: Той факт, што Цэнтрабанк Расеі адпусціў расейскі рубель у “вольнае плаванне”, думаю, перш-наперш адаб’ецца на беларускім рэальным сектары. Гэта азначае, што ў бліжэйшы час тэмпы аслаблення расейскага рубля будуць большымі, чым да гэтага. Калі ўлічваць, што беларуская валюта прывязана да плаўнай дэвальвацыі, то ў адносінах да расейскага рубля яна працягне ўмацоўвацца яшчэ больш высокімі тэмпамі. Трэба сказаць, што размова ідзе не пра нейкі доўгатэрміновы прагноз, а як мінімум да канца гэтага года. Зараз не вельмі зразумела, на якім узроўні ў Расеі можа быць знойдзена фундаментальная раўнавага нацыянальнай валюты. Можна ўспомніць аналогію з тым, як у 2011 годзе адбывалася дэвальвацыя ў Беларусі, калі ўсё зацягнулася.
РР: Ці моцна пацерпіць раэльны сектар Беларусі з-за дэвальвацыі ў Расеі?
Сяргей Чалы: Пацерпіць, і пра гэта ўжо заяўляюць беларускія экспарцёры. Яшчэ больш сур’ёзнай будзе страта коштавай канкурэнцыі. Прыйдзецца альбо кошт зніжаць для беларускага экспарта, каб той заставаўся канкурэнтным, альбо нешта рабіць з валютным курсам, што наўрад ці верагодна. Сёння логіка кіравання курсам беларускім рублём – гэта хутчэй логіка захавання спакою ўкладчыкаў. Таму пакуль нічога добрага ў звязку з абвалам расейскага рубля для Беларусі не прадбачыцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота odnako.su