Амаль 80 тыс. іншаземцаў наведалі Беларусь па бязвізавым рэжыме ў 2017 годзе
Больш за 79,2 тыс. іншаземцаў прыехалі ў Беларусі па бязвізавым рэжыме з пачатку яго дзеяння і да канца 2017 года.
Часцей за ўсё беларускім бязвізавым рэжымам карысталіся грамадзяне Германіі – 12,7 тыс. чалавек, Польшчы (каля 7,6 тыс.) і Італіі (больш за 6,7 тыс.).
Усяго ў 2017 годзе без віз у Беларусь уехалі грамадзяне 65 краін, сярод якіх і такія экзатычныя, як Панама, Нікарагуа, Антыгуа і Барбуда.
У канцы 2017 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб устанаўленні бязвізавага ўезду на тэрмін да 10 дзён для замежных наведвальнікаў Аўгустоўскага канала, Гародні і Гарадзенскага раёна, турысцка-рэкрэацыйнай зоны „Брэст” (Белавежская пушча, Берасце, Берасцейскі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны Берасцейскай вобласці, Свіслацкі раён Гарадзенскай вобласці).
Беларускі ўрад падрыхтаваў прапановы, накіраваныя на далейшую лібералізацыю візавага рэжыму Беларусі. Гэта, у прыватнасці, датычыцца павелічэння тэрміну знаходжання іншаземцаў пры бязвізавым уездзе праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, а таксама іх знаходжання ў краіне без рэгістрацыі. Акрамя таго, плануецца прыняць дадатковыя меры для спрашчэння ўезду ў Беларусь на перыяд правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. У перспектыве разглядаецца магчымасць увядзення бязвізавага рэжыму ўезду ў Беларусь з неіміграцыйнымі мэтамі на пэўны тэрмін праз любыя міжнародныя пункты пропуску для грамадзян шэрага дзяржаў.