Работніцы птушкафабрыкі „Хальч” супраць начальства



Работніцы птушкафабрыкі „Хальч” Веткаўскага раёна падалі ў суд на працадаўцу. Апрацоўшчыцы птушкі Алена Катлярова і Ларыса Сарокіна дабіваюцца звальнення па ўласным патрабаванні з выплатай грашовай дапамогі ў памеры 3 месяцовых заробкаў. Жанчын не задавальнялі ўмовы працы на прадпрыемстве, а таксама спробы начальства звольніць іх па заканчэнні кантракта.

Алена Катлярова заўважае, што ёй асабіста вельмі крыўдна за тое, што начальства паспрабавала выставіць яе на вуліцу без грошай, нягледзячы на сумленную працу.

Алена Катлярова:

Мы працавалі ад самага адкрыцця забойнага цэха. І чаго толькі ў нас не было: вочы і рукі ў нас нарывалі і гнаіліся. І працавалі, калі трэба, мы па 16-18 гадзін за змену. Мы з усім змірыліся. Але калі нам далі паперы аб звальненні, мы абурыліся. На якой падставе нас звальняюць?! Канешне, нам крыўдна з-за такой несправядлівасці. Таму мы і пайшлі ў суд.

Акрамя парушэнняў працоўнага заканадаўства, адна з работніц, Ларыса Сарокіна, атрымала на птушкафабрыцы вытворчую траўму. Паводле слоў жанчыны, кіраўніцтва прадпрыемства спрабавала прыхаваць здарэнне.

Ларыса Сарокіна:

Вельмі слізка ў цэху, вады многа на падлозе пастаянна. І вось я аднойчы падслізнулася, мая рука дакранулася аб нажы. Частку скуры вырвала. Канешне, было страшна. Паўтара месяца я адляжалася ў больніцы, а з начальства мне ніхто не пазваніў нават. Памятаю, як я была ў шоку пасля траўмы, а мяне са слязьмі на вачах адміністрацыя пераконвала, каб я пацвердзіла, што гэта не вытворчая, а бытавая траўма.

Прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка перакананы, што пры аб’ектыўным разглядзе справы ўдасца абавязаць птушкафабрыку выканаць патрабаванні работніц.

Леанід Судаленка: — Жанчынам выпісалі папярэджанне, што з 16 студзеня бягучага года яны згубяць працу. У дадзенай сітуацыі выбар невялікі: альбо яны нічога не атрымліваюць, альбо звальняюцца па асабістым патрабаванні ў звязку з дапушчанымі парушэннямі. Ну, і атрымліваюць па 3 сярэднемесяцовыя заробкі.

У канцы 2017 года, падчас рэарганізацыі акцыянернага таварыства „Хальч”, было заяўлена пра закрыццё забойнага цэха птушкафабрыкі. Каля 170 працоўных рызыкуюць застацца без працы.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель