„Юнацтва” стартуе ў суперфінале Кантынентальнага кубка



Хакеісты менскага „Юнацтва” стартуюць у суперфінале Кантынентальнага кубка, які на працягу трох дзён будзе праходзіць у Менску на „Чыжоўка-Арэне”.

Каманда Міхаіла Захарава пяты раз выступіць у галоўнай стадыі барацьбы за ганаровы трафей. Упершыню „Юнацтва” згуляла ў „фінале чатырох” у 2007 годзе ў венгерскім Секешфехервары і змагло заваяваць кубак. Поспех на баку беларускай каманды быў таксама і на дамашнім турніры ў студзені 2011-га, калі на „Мінск-Арэне” хакеісты „Юнацтва” другі раз у сваёй гісторыі заваявалі тытул. Двойчы мінчане станавіліся другімі (у 2010 годзе і 2012-м).

У час бягучага розыгрышу Кантынентальнага кубка сталічны клуб у лістападзе 2017 года ў Даніі паспяхова прайшоў паўфінальную стадыю турніру і па рашэнні Міжнароднай федэрацыі хакея стаў арганізатарам суперфіналу, у якім выступяць чатыры клубы. У турнір, які пройдзе з 12 па 14 студзеня на „Чыжоўка-Арэне” за ганаровы трафей паспрачаюцца хакеісты італьянскага „Рытэн Спорту”, астанінскага „Намада”, брытанскага „Шэфілда” і мінскага „Юнацтва”.

Расклад матчаў

12 студзеня

„Рытэн Спорт” (Італія) – „Юнацтва-Мінск” (Беларусь), 15.00.

„Намад” (Казахстан) – „Шэфілд Стылерз” (Вялікабрытанія), 19.00.

13 студзеня

„Намад” – „Рытэн Спорт”, 15.00.

„Юнацтва-Мінск” – „Шэфілд Стылерз”, 19.00.

14 студзеня

„Шэфілд Стылерз”- „Рытэн Спорт”, 15.00.

„Юнацтва-Мінск” – „Намад”, 19.00.

Тэлеканал „Беларусь 5” правядзе прамыя трансляцыі матчаў з удзелам „Юнацтва”.

Беларусь двойчы прымала суперфінал Кантынентальнага кубка. У 2004 годзе турнір праходзіў у Гомелі, у 2011-м квартэт мацнейшых хакейных клубаў турніру сабраўся на „Мінск-Арэне”.

Беларускія каманды раней тройчы перамагалі ў Кантынентальным кубку. Двойчы (у 2007 і 2011 гадах) уладальнікам ганаровага трафея станавілася „Юнацтва”, у 2015-м паспяхова ў фінале згуляў гарадзенскі „Нёман”.

belta.by