Тысяча подпісаў супраць перадачы ў арэнду часткі ракі Мухавец



Больш за тысячу подпісаў у абарону грамадскай уласнасці на раку Мухавец сабралі на Берасцейшчыне. Ініцыятарамі звароту выступілі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці разам з шэраговымі грамадзянамі і рыбакамі. Частку ракі Мухавец паміж горадам Берасце і Жабінка гарадскія ўлады аддалі ў арэнду юрыдычнай асобе. Рыбакі і мясцовыя жыхары былі пазбаўленыя доступу да водных рэсурсаў.

„Гэта сігнал уладам, што ёсць праблема, якую тэрмінова трэба вырашаць”, – адзначыў актывіст кампаніі ’’Гавары Праўду!’’, адзін з ініцыятараў збору подпісаў Ігар Маслоўскі:

– На наш погляд, гэта знакавая лічба – тысяча подпісаў, у адпаведнасці з заканадаўствам дастаткова звыш 30 подпісаў, пасля збору якіх і падачы скаргі павінна быць створана спецыяльная адмысловая камісія з выездам на месца і прынята адпаведнае рашэнне.

Усе тысячу подпісаў плануецца накіраваць у кампетэнтныя органы для вырашэння пытання ў галіне законнасці перадачы часткі ракі Мухавец у арэнду юрыдычнай асобе. Згодна беларускіх законаў, доступ да водных рэсурсаў павінен быць забяспечаны для ўсіх грамадзян краіны, паколькі яны з’яўляюцца ўласнасцю народу і не могуць быць перададзены асобна ўзятаму чалавеку або арганізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце