У Беластоку распланавалі заняткі дзяцей на вакацыях
Майстар-класы для маладых папераплётчыкаў, дзіцячыя спектаклі, спартовыя турніры і выставы старых самалётаў і лодак. Гэта толькі некаторыя прапановы беластоцкіх установаў на зімовыя вакацыі.
Будзе забяспечана 13 тысяч месцаў на культурныя мерапрыемствы і 30 тысяч – на спартовыя. Галерэя “Арсенал” прапануе майстар-класы, падчас якіх дзеці зробяць асабістыя сшыткі. Цікавую прапанову падрыхтаваў Цэнтр імя Людвіка Заменгофа. Дзеці з кубікаў LEGO пабудуюць Вялікую сінагогу, якая да вайны стаяла ў Беластоку, кажа дырэктарка Беластоцкага асяродка культуры Гражына Дваракоўская:
– Дзеці могуць стварыць сінагогу паводле ўласнага ўяўлення. Але разам з тым могуць зрабіць звязаныя з сінагогай сімвалы, абапіраючыся на тыя, якія былі ў вітражах вялікай сінагогі.
Зімовыя вакацыі на Падляшшы пачынаюцца 20 студзеня. Усю інфармацыю аб вольных месцах можна знайсці на сайтах гарадскіх установаў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота bialystok.naszemiasto.pl