ААН вылучыла грант шапавалам з Дрыбіна



Прафесійна валяць валёнкі вучаць са школы ў адным з раёнаў Магілёўскай вобласці. Рамяство, якое захавалася тут яшчэ з XVII стагоддзя, сёння вяртае сабе былую папулярнасць. Купляць абутак, зроблены рукамі, гатовыя не толькі мясцовыя модніцы, але і прадпрымальнікі, якія адмыслова прыязджаюць за валёнкамі ў Дрыбін.

Калодка, баёк, правідла, брында. Усё гэта назвы прыстасаванняў, якімі карысталіся шапавалы яшчэ трыста гадоў таму. Нават за межамі Беларусі назва райцэнтра Дрыбін для многіх асацыюецца з валёнкамі.

Сёння гэта сапраўдны турыстычны брэнд. А само майстэрства дрыбінскіх шапавалаў прызнана нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Каб рамяство «жыло», у раённым гісторыка-этнаграфічным музеі вучаць, як валяць валёнкі, усіх жадаючых. Там упэўненыя, гэтая прафесія вернецца ў беларускую рэальнасць.

Тут вывучаюць і сакрэтную мову – «катрушніцкі лемезень». Ім карысталіся шапавалы даўней, каб ніхто не мог падслухаць і пераняць сакрэты прыбытковага майстэрства.

У школу па навучанні старадаўняму рамяству просяцца нават дарослыя. Аўтары праекта па навучанні шапавальству напярэдадні выйгралі грант ПРААН. Цяпер майстар-класаў будзе яшчэ больш. Аднак стаўку вопытныя шапавалы робяць на «маладых вучняў». Цяпер распрацоўваюць праграму адмыслова для дзіцячых садкоў, дзе па-сапраўднаму валяць валёнкі, вядома, не будуць, але ўрокі працы, як абяцаюць, стануць значна цікавей.

ont.by