На чэмпіянаце Еўропы беларускія гандбалісты перамаглі Аўстрыю



Беларускія гандбалісты з перамогі стартавалі на першынстве кантыненту, якое пачалося 12 студзеня ў Харватыі.

Каманда Юрыя Шаўцова ў горадзе Поруч узяла верх над зборнай Аўстрыі – 27:26.

Першы мяч закінулі альпійцы. А далей, практычна ўвесь паядынак, наперадзе былі беларусы. У іх шэрагах саліраваў гігант Уладзіслаў Кулеш. Пасля першага тайму перавага Беларусі складала 2 галы – 14:12.

У другім тайме аўстрыякі дастаткова шмат фалілі, а часам дзеілі занадта брутальна. Вось толькі беларускія гандбалісты не заўсёды ўдала карысталіся колькаснай перавагай. Максімальна наперадзе Беларусь была з розніцай на чатыры мячы – 22:18 на 43-й хвіліне. Супернікі цэлы час чапляліся за свае шанцы, але ўрэшце адрыў Беларусі ў канцоўцы вырас да 27:24. Усё, што ўдалося Аўстрыі – гэта скараціць розніцу да мінімуму.

Найбольш выніковымі ў складзе Беларусі сталі Уладзіслаў Кулеш – 7 галоў, Барыс Пухоўскі – 5, Дзяніс Рутэнка і Андрэй Юрынок – па 4.

Напомнім, што ў гэтай групе выступаюць таксама надзвычай моцныя дружыны Францыі і Нарвегіі. Тры мацнейшыя каманды з квартэту выйдуць у наступны раўнд.

Беларускае Радыё Рацыя