Андрэй Бандарэнка абвясціў галадоўку
Былы кіраўнік «Платформы» адбывае пакаранне ў Бабруйскай калоніі.
«Прычынай стала правакацыя, якую супраць яго зладзілі, – распавядае бацька асуджанага. – Пра яго пайшлі чуткі, што раней, яшчэ ў першую адсідку, ён нібыта сядзеў у камеры з чалавекам, у якога быў нізкі статус. І па гэтай прычыне такі статус павінен распаўсюджвацца і на яго. Маўляў, не можа, ён сядзець у сталовай за агульным сталом. Таму ён наогул адмовіўся прымаць ежу. Прыходзіць у сталовую і кажа, што адмаўляецца ёсць.
Па словах бацькі, Андрэй сустракаўся з начальнікам калоніі.
«Таксама спрабую прабіцца на прыём да кіраўніцтва калоніі, але пакуль гэта не атрымліваецца», – паведаміў Валерый Бандарэнка.
Нагадаем, у жніўні Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі па абвінавачванні ў злосным хуліганстве. У судзе ён гэтага не прызнаў, аднак папрасіў прабачэння перад пацярпелымі жанчынамі за хуліганскія дзеянні. У кастрычніку мінскі гарадскі суд адхіліў скаргу Андрэя Бандарэнкі.