У Менску адбылася сустрэча сябраў АГП



У менскім гатэлі “Манастырскі” адбылася сустрэча 35 сяброў АГП з усёй краіны, якія падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты на будучых мясцовых выбарах.

Цягам дня яны бралі ўдзел у ролевых гульнях, дзе выпрацоўваліся аргументы па тэмах кампаніі, вяліся дэбаты з умоўнымі кандыдатамі ад улады.  Вынікі першага этапу мясцовай выбарчай кампаніі падвялі лідары партыі – Анатоль Лябедзька, Аляксандр Дабравольскі, Мікалай Казлоў, Антаніна Кавалёва. Таксама ўзялі ўдзел рэгіянальныя лідары “грамадзянаў”.

Будучыя кандыдаты працуюць з выбаршчыкамі ў розных умовах. Напрыклад, Ігар Банцар з Гародні збіраецца балатавацца 4 раз запар – маўляў, зарэгіструюць, дык буду змагацца, не – дапамагаць іншым, хто “прарвецца”. Падкрэслівае, што жыве ў акрузе, дзе дрэнныя дарогі і адсутнічаюць дзіцячыя пляцоўкі.

А Таццяна Сівачэнка пайшла ў палітыку, каб змяніць эканоміку Магілёўшчыны. Бо састарэлае абсталяванне прадпрыемстваў літаральна “пажырае” электраэнергію, на “не” зводзячы экспартныя магчымасці прадукцыі. Збіраецца праз дэпутацкія запыты выяўляць тое, што тэрмінова неабходна рэфармаваць альбо зачыняць. 

Прыемным сюрпрызам для прысутных стала ўрачыстае прыняццё ў сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіны Ясючэні. Яна жыве ў вёсцы Вялікія Гравы, што ў Асіповіцкім раёне Магілёўшчыны. У адрозненне ад  калег, што прыехалі, яна – дзеючы дэпутат сельсавета. Дзякуючы падтрымцы вяскоўцаў, шмат чаго дасягнула ў асобна ўзятай вёсцы…

Анатоль Лябедзька ў інтэрв’ю нашаму радыё паўтарыў, што дэпутатамі ў нас не выбіраюцца, а прызначаюцца. Але, нават калі будзе “прызначаны” апазіцыянер, што мы ўжо ўбачылі на выбарах у Палату прадстаўнікоў:

– Перад чалавекам ставіцца выбар: кім ён будзе там – дэпутатам ці чыноўнікам…

На сёння магчымыя будучыя кандыдаты ад АГП падалі дакументы на рэгістрацыю ў 69 выбарчых акругах краіны.

Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле:

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота з сустрэчы