У Пінску можна паглядзець “Таямнічыя ручнікі”
Да канца ліпеня ў Пінску будзе працаваць сумесная выстава Музея Беларускага Палесся і Музея ў Бельску Падляшскім. Экспазіцыя “Таямнічы ручнік” размясцілася ў вялікай залі пінскага музея і прадстаўляе абрадавыя ручнікі з Падляшша і Палесся.
Калі ручнікі з Падляшша магчыма толькі паглядзець на фатаздымках, то палескія ручнікі, першай паловы ХХ стагоддзя, прэзентуюцца “на жыва”. Намесніца дырэктара Музею Беларускага Палесся, старэйшы навуковы супрацоўнік Святлана Лазюк адзначае, што выстава неардынарная і карыстаецца папулярнасцю сярод наведвальнікаў:
– Прадстаўлены ручнікі пачатку 20-га і да 60-70-х гадоў 20 стагоддзя. Цікава паглядзець, што ручнік з Польшчы і ручнік палескі – яны падобныя. Два народы з аднолькавай гісторыяй і, аказваецца, маем аднолькавыя карані культуры.
Падтрымку ў арганізацыі выставы “Таямнічы ручнік” аказаў Польскі Інстытут у Менску. Экспазіцыя прысвечана святкаванню Года Оскара Кольберга, выбітнага даследчыка.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя