Гандбольная зборная Беларусі прайграла на Еўра Нарвегіі
Зборная Беларусі правяла свой другі паядынак на гандбольным Еўра, што праходзіць у Харватыі.
У другім матчы беларуская каманда саступіла моцнай дружыне Нарвегіі – 28:33.
Беларусы на роўных змагаліся са скандынавамі палову першага тайма. І гэта нягледзячы на тое, што ў заяўцы адсутнічаў адзін з лідараў каманды – Барыс Пухоўскі. На зыходзе 12-й хвіліны лік быў нават 5:4 на карысць зборнай Юрыя Шаўцова. Выдатна гуляў на браме беларускі галкіпер Вячаслаў Салдаценка, сэйвы якога дапамагалі трымаць раўнавагу.
Але спакваля нарвежцы прыбралі ініцыятыву да сваіх рук трывала. На перапынак пайшлі ўжо пры ліку 15:12 на карысць Нарвегіі.
У другой палове перавага скандынаваў даходзіла ажно да 6 мячоў. Беларускія гульцы, аднак, перыядычна скарачалі розніцу ў ліку.
Пасля двух тураў лідарам групы з’яўляецца дружына Францыі, якая ўпэўнена адолела ў гэты дзень Аўстрыю 33:26 і мае зараз 4 ачкі. У Нарвегіі і Беларусі – па 2, Аўстрыя не мае пунктаў.
Тры мацнейшыя каманды з квартэту выйдуць у наступны раўнд. Беларусі засталося згуляць з Францыяй.
Беларускае Радыё Рацыя