У Італіі на аснове iPhone 6 стварылі залаты „пуцінафон”
Італьянскія ювеліры з кампаніі „Caviar” прадставілі на сваім расейскім сайце залатыя смартфоны, зробленыя на аснове iPhone 6 з выявай профілю расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, герба Расеі, а таксама радкамі расейскага гімна.
Каштуе новы тэлефон 169 тысяч рублёў – трохі больш за 3500 даляраў. Выпуск апаратаў, па інфармацыі сайта, абмежаваны і складае ўсяго 299 экзэмпляраў.
„Caviar Ti Supremo Putin другога пакалення ўпрыгожаны не проста партрэтам прэзідэнта, а яго барэльефам, герб Расейскай Федэрацыі гэтак жа выкананы ў скульптурных традыцыях Рэнесансу. Залатое палатно, якое складае аснову задняй панэлі тэлефона, упрыгожана эфектнай рэльефнай гравіроўкай, графічная фактура робіць тактыльны кантакт з тэлефонам вельмі зручным і захоўвае каштоўныя металы ад механічных пашкоджанняў. Лепшы падарунак для тых, хто з гонарам і годнасцю глядзіць у будучыню і стварае сучаснасць сваёй краіны”, – гаворыцца ў апісанні смартфона.