У Беластоку ўводзяць часавыя квіткі на праезд у грамадскім транспарце
У Беластоку з’явяцца часавыя квіткі на праезд у грамадскім транспарце. Можна будзе купіць квіткі 20-ці, 40-ка хвілінныя, гадзінныя а таксама на суткі. Прыняты праект новага тарыфу. Акрамя таго, бясплатна грамадскім транспартам будуць ездзіць вучні пачатковых школаў Беластоку, кажа радны партыі „Права і Справядлівасць” Генрык Дэмбоўскі.
– Бясплатны праезд прадугледжаны для вучняў пачатковых школ. Падобная ільгота існуе ў многіх польскіх гарадах, у тым ліку Варшаве і Кракаве. Сродкі на гэта запланаваны ў праекце бюджэту на 2018 год.
Кошт грамадскага транспарту ў Беластоку — 100 мільёнаў злотых. З квіткоў горад атрымоўвае 60 мільёнаў. Рэшта – гэта грошы з беластоцкага бюджэту. Часавыя квіткі будуць таннейшыя за нармальныя аднаразовыя. За квіток на 20 хвілінаў пасажыры заплацяць 2 злотыя, 40 хвілінаў будуць каштаваць 2.80, а гадзінны квіток 3,60.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара