Юрась Губарэвіч: Што нам трэба зрабіць “за свабоду” выбараў?
Лідар Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч падвёў вынікі першага этапу выбарчай кампаніі. За выключэннем двух сяброў руху па Менску, усе 25 прэтэндэнтаў па ўсіх абласцях краіны падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты на будучых мясцовых выбарах.
РР: Як Вы ацэньваеце ход мясцовай выбарчай кампаніі-2018?
ГУБАРЭВІЧ: Нічога надзвычайнага не адбываецца. Улады прытрымліваюцца тае стратэгіі, што абралі цягам папярэдніх кампаній. Праўда, калі раней імкнуліся задушыць апазіцыйных кандыдатаў на ўсіх этапах – не рэгістравалі ініцыятыўныя групы, беспадстаўна не прызнавалі вынікі збору подпісаў, то зараз рэгіструюць, бадай, усіх, даюць дазвол весці актыўную агітацыю, дайсці да канца кампаніі. Але надалей усё вырашае падлік галасоў, бо яго… няма! Заносяцца ў пратакол тыя лічбы, што загадзя вызначаныя.
РР: Варта адзначыць надзвычайны дзяржаўны цынізм Лідзіі Ярмошынай, якая пасля дзесяцігоддзяў выбарчых фальсіфікацый панаракала на тое, што ў выбарчых акругах няма “апазіцыйнай альтэрнатывы”, асабліва ў правінцыі…
ГУБАРЭВІЧ: Больш за тое, і ўлады ўжо не здольныя даваць якасных кандыдатаў, нават “закрываць” хоць па адным акругі! Пры тым, што з гарантыяй “поўнага прызначэння”, але і ўладныя ўжо грэбуюць аж 4 гады выконваць ролю “вясельных генералаў”. Наяве крызіс іх выбарчай сістэмы і выбарных органаў улады. Увогуле, людзі не вераць, што нават калі туды патрапіш, можна нешта зрабіць для людзей.
РР: Але, ці не здаецца, што не спрацоўваюць і апазіцыйныя прыдумкі, што на выбары трэба ісці “дзеля сустрэч з выбаршчыкамі і прапаганды ідэй”?
ГУБАРЭВІЧ: Не сказаў бы, што гэта прыдумкі. Усё ж такі сотні людзей ад розных апазіцыйных структур ахвяруюць часам, а бывае і месцам працы ці вучобы дзеля таго, каб прасоўваць палітычную альтэрнатыву. Бо выбары – гэта адзіныя некалькі месяцаў, калі можна выходзіць вольна на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, раздаваць улёткі, праводзіць легальныя сустрэчы. Яшчэ месяц таму ўсё магло скончыцца буйным штрафам альбо сядзеннем за кратамі.
РР: Паводле апошняй парламенцкай кампаніі, ясна, што пэўная колькасць і апазіцыйных кандыдатаў будзе “прызначаная” ў дэпутаты. І ўжо перад імі надалей паўстане выбар – быць дэпутацкім чыноўнікам ці абраннікам для людзей…
ГУБАРЭВІЧ: Галоўнае – чалавек, што патрапіць у мясцовы савет, мае магчымасць бараніць правы сваіх выбарцаў. Тым больш, нават фармальна мы пасля не маем ніякіх абавязкаў перад уладай – толькі перад тымі, хто абраў.
РР: На чым акцэнтуюць у сваіх прамовах, лозунгах будучыя кандыдаты Руху “За Свабоду!”
ГУБАРЭВІЧ: Натуральна, пра мясцовыя, у прыватнасці, бытавыя праблемы. Але не толькі. Чырвонай ніткай у прамовах праходзіць “фірмовая” кампанія нашага Руху “За адказную ўладу!” Гэта значыць, што апошняя мусіць наўпрост быць адказная перад грамадзянамі і абранымі саветамі. Бо сёння ў руках выканкамаўскіх чыноўнікаў знаходзяцца некантралюемыя паўната ўлады і бюджэт. Саветы пры гэтым носяць дэкаратыўны характар. Мы прапануем тры шляхі змянення сітуацыі. Прамыя выбары кіраўнікоў адміністрацый мястэчак і гарадоў жыхарамі. Справаздачнасць чыноўнікаў мясцовым саветам. Адпаведна і іх абранне дэпутатамі. І трэцяе – адкрыты кастынг пры найме чыноўнікаў у выканкамы. Бо сёння, калі ты не сваяк ці добры знаёмы вышэйшых чыноўнікаў, у цябе бракуе шанцаў патрапіць у выканкам, якім бы звыш прафесіяналам ты не быў. Гэтую сітуацыю трэба змяняць!
18 студзеня стане вядома колькі і хто з сяброў Руху “За Свабоду!” будзе зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты для далейшага правядзення выбарчай кампаніі.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара