Пра адключэнні камунальных паслуг паведамяць СМС-рассылкай



Пры жаданні жыхары Менска зараз змогуць атрымліваць СМС-рассылку аб планавых і аварыйных адключэннях камунальных паслуг. Пра гэта 15 студзеня паведаміў начальнік упраўлення „Кантакт-цэнтр” КУП „Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама” Ігар Кірыленкаў.

„Адзін з напрамкаў, над якім мы сёння працуем, гэта інфармаванне спажыўцоў ЖКП аб планавых або аварыйных адключэннях на інжынерных сетках жылых дамоў. Калі спажывец на сайце 115.бел зарэгіструецца і падпішацца на гэтую паслугу і не будзе яе лічыць спамам, то у 2018 годзе такая рассылка магчымая праз месенджары Viber і Telegram і партал”, — распавёў начальнік упраўлення.

Ён таксама паведаміў, што ў 2017 годзе на адзіны нумар сталічных службаў ЖКП 115 паступіла больш за 1 млн 600 тыс. званкоў, зарэгістравана больш за 1 млн 900 тыс. заявак, з якіх 800 тысяч — інфармацыйна-даведачныя. Найбольш запатрабаванымі былі заяўкі па водазабеспячэнні, электраэнергіі, санітарным стане агульных месцаў карыстання. „Працягвалася наша ўзаемадзеянне з аварыйнымі службамі, задавальняліся заяўкі ў выхадныя і святочныя дні. Такіх заявак толькі для УП „Мінгаз” паступіла больш за 114 тыс. Гэта даволі высокі паказчык”, — заўважыў спецыяліст.

Кірыленка таксама сказаў, што ў 2017 годзе пачаў дзейнічаць інтэрнэт-рэсурс, задачай якога з’яўляецца павышэнне камунальнай пісьменнасці насельніцтва. „Там размяшчаецца карысная інфармацыя для спажыўцоў ЖКП”, — растлумачыў Кірыленкаў. У жніўні запрацаваў чатбот, які актыўна дапамог у перыяд пачатку ацяпляльнага сезона і адказаў на запыты 347 тыс. разоў. Штосутачна ім карыстаецца 500-700 жыхароў Менска.

Паводле слоў чыноўніка, сталічны вопыт работы адзінага нумара і адзінага партала па ЖКП распаўсюджваецца і на абласныя і раённыя цэнты краіны. Да канца бягучага года даручана стварэнне парталаў па ЖКП у кожным абласным цэнтры.

belapan.by