Дэмсілы дасягнулі папярэдняга кансэнсусу аб сумесным святкаванні 100-годдзя Дня Волі



У Менску адбылося пашыранае паседжанне аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Вёў паседжанне мастак, выканаўчы старшыня аргакамітэта Мікола Купава:

– Больш за сорак чалавек прысутнічала з розных палітычных арганізацый, партый, рухаў. 25 сакавіка плануем грандыёзнае святкаванне 100-годдзя БНР. Пасля гэтага адбудзецца паседжанне грамадскасці і канцэрт. Шэсце мы запланавалі ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Волі.

Таксама на паседжанні аргкамітэта прынята рашэнне звярнуцца да кіраўніцтва краіны з прапановай прызнаць дзень абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году дзяржаўным святам.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

Беларускія дэмакратычныя партыі і арганізацыі дасягнулі папярэдняга кансэнсусу аб сумесным святкаванні ў гэтым годзе 25 сакавіка Дня Волі (100-годдзя абвяшчэння ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі).

15 студзеня адбылося першае пасяджэнне аргкамітэта, падчас якога, як паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, прадстаўнікам розных структур „удалося дасягнуць кансэнсусу”.

Пасяджэнне аргкамітэта працягвалася амаль дзве гадзіны, у ім прымалі ўдзел больш за 35 чалавек. „Прыняты шэраг рашэнняў аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, прапанавана стварыць працоўную групу па іх арганізацыі. Будуць праведзены ўрачыстыя мерапрыемствы, сярод іх шэсце і мітынг, а таксама канцэрт”, — сказаў палітык.

Пасяджэнне рабочай групы адбудзецца 16 студзеня, аргкамітэта — 22 студзеня.

„Самае галоўнае, што зацверджаны шырокі склад аргкамітэта, у які ўвайшлі прадстаўнікі практычна ўсіх апазіцыйных палітычных і грамадскіх арганізацый. Ёсць кансэнсус, зацверджаны паўнамоцтвы аргкамітэта”, — сказаў Кастусёў.

„Будзе пададзена заяўка на правядзенне шэсця ў цэнтры Мінска. Заўтра пройдзе пасяджэнне рабочай групы, дзе будуць вырашацца дэталі, як праводзіць акцыю”, — паведаміў адзін з сустаршыняў Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) (арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі) Мікалай Статкевіч.

„Удалося дасягнуць кансэнсусу. БНК хацеў яго дасягнуць, рабілі для гэтага пэўныя захады. Можна канстатаваць, што аргкамітэт па святкаванні Дня Волі аб’яднаў усе беларускія дэмакратычныя арганізацыі”, — сказаў ён.

„Усё прайшло нармальна. Вырашылі, што пройдзе шэсце і канцэрт”, — адзначыў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, таксама была абнародаваная ініцыятыва звярнуцца да ўладаў з прапановай абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам. „Сядзелі каля дзвюх гадзін, але вельмі парадавала, што было дасягнута адзінства”, — сказаў суразмоўца.

Дзень Волі адзначае дэмакратычная грамадскасць Беларусі, афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года. Урад БНР прыкладаў нямала намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынята пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, была ўзаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня”. У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася не абароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым у Гродна.

Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

belapan.by