Каштарыс бюджэту мясцовых выбараў скарочаны на 10%
Каштарыс расходаў на падрыхтоўку і правядзенне мясцовых выбараў, якія адбудуцца 18 лютага, скарочаны на 10%. Адпаведная інфармацыя прагучала 16 студзеня на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Рашэнне аб скарачэнні каштарысу расходаў на правядзенне мясцовай выбарчай кампаніі ЦВК прыняла на падставе рэспубліканскага бюджэту на гэты год.
У лістападзе Цэнтрвыбаркам прапаноўваў выдзеліць на правядзенне мясцовых выбараў 21 млн 491 тыс. рублёў, аднак у канчатковым варыянце праекта бюджэту сума была зніжаная да 19 млн 386 тыс. рублёў.
Цэнтрвыбаркам прыняў рашэнне скараціць выдаткі на канцтавары, транспартныя паслугі, паслугі сувязі, камандзіроўкі.
Заработная плата членаў выбарчых камісій зменшылася ў сярэднім на 5,5%. Напрыклад зарплата члена ўчастковай камісіі ў дзень галасавання складзе 67 рублёў пасля выліку падаткаў. БелаПАН