Слонімскі раварыст не пагаджаецца з пратаколам супрацоўніка ДАІ
Слонімца Канстанціна Белуша, які ехаў на ровары па праезжай частцы горада, затрымалі супрацоўнікі Слонімскага ДАІ і склалі пратакол за тое, што ён ехаў не па тратуары. Ён, адзін з нямногіх слонімцаў-раварыстаў, хто не пагадзіўся з рашэннем даішніка і абскардзіў яго ў пракуратуры. Пракуратура скаргу накіравала ў ДАІ. У скарзе Канстанцін Белуш распавёў, што па тратуарах у Слоніме немагчыма ехаць не толькі на ровары, але таксама інвалідам на калясках, бацькам з дзіцячымі вазочкамі. Таму што большасць тратуараў у горадзе ўяўляе сабой сапраўдную паласу перашкодаў. На іх немагчыма заехаць і з’ехаць, яны не прыстасаваныя для руху на веласіпедах.
Па словах слонімца Івана Бедкі, які ўсё жыццё ездзіць на ровары, згодна правілаў дарожнага руху, павінны быць знакі, якія дазваляюць раварыстам ехаць па пешаходных тратуарах. “Гэтага ў Слоніме няма. Служба ДАІ не вырашае праблемы арганізацыі руху раварыстаў па тратуарах. У іх адна задача, каб, як найбольш, накласці штрафаў на раварыстаў, заганяючы іх на тратуары, якія непрыстасаваныя для руху на ровары. Думаю, што ніхто з раварыстаў не хоча рызыкаваць сваім жыццём і ехаць па праезжай частцы, усе раварысты павінны ехаць там, дзе для іх прыстасаваны дарожкі для руху, ці хаця б пешаходныя тратуары, але гэтага ў Слоніме няма. І супрацоўнікі ДАІ гэта выкарыстоўваюць у сваіх мэтах”, – расказаў Іван Бедка.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім