У Бярозе назіральнікаў упершыню дапусцілі да праверкі подпісаў
У Бярозе назіральнікаў упершыню за шмат гадоў дапусцілі да праверкі подпісаў, але не абыйшлося без „лыжкі дзёгцю”. Калі ў раённай выбарчай камісіі назіральнік мог узяць падпісны ліст пасля правяраючых, каб спраўдзіць інфармацыю па праверцы, то ў акруговай выбарчай камісіі №24 гэтага не адбылося.
Старшыня камісіі Тамара Карпенка дазволіла назіральніку пайсці разам з правяраючымі ў іншы пакой. Але пры намеры паглядзець падпісны ліст, вырвала ліст з рук са словамі, можна толькі назіраць за праверкай. Пасля гэтага назіральнік пакінула пасяджэнне камісіі.
Сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі лічыць, што спадзявання на дэмакратызацыю мясцовых выбараў няма:
– Фармальна дазволілі прысутнічаць пры праверцы подпісаў, але рэальна патрымаць у руках тыя ж падпісныя лісты, паглядзець не далі. Тое, што назіральнікаў маем на ўчастковых выбарчых камісіях, калі кажуць, вось вы назіраеце, як яны там тусуюць белютні, можаце казаць, што ўсё законна. Такі крок у нас у бок дэмакратыі, што можам, усё дазваляем вам, але вы нічога не пабачыце.
Паводле Сяржука Русецкага, у Выбарчым кодэксе не вызначана сама працэдура праверкі подпісаў. Гэта аддадзена на откуп старшынь камісій.
Беларускае Радыё Рацыя