Прамысловы турызм на МТЗ
Больш за 800 іншаземцаў наведалі МТЗ у 2017 годзе ў рамках прамысловага турызму. Аб гэтым стала вядома сёння на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным гадавіне прамысловага турызму на прадпрыемстве.
У топ-5 краін па колькасці турыстаў, якія наведалі МТЗ у 2017 годзе, увайшлі Эстонія, Латвія, Расея, Германія і Іспанія.
Што датычыцца грамадзян Беларусі, то ў 2017 годзе МТЗ наведалі 2,6 тыс. чалавек з 71 населенага пункта, узрост большасці – 13-18 гадоў.
Паслугай „збяры трактар” скарысталіся 43 наведвальнікі з сямі краін.
Прамысловы турызм на МТЗ стартаваў 16 студзеня 2017 года з экскурсіі для групы курсантаў следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС. Турыстаў азнаёмілі з дзеючай вытворчасцю трактарнай тэхнікі, гісторыяй развіцця і станаўлення прадпрыемства.
Запатрабаванасць экскурсій прывяла да прыняцця рашэння аб увядзенні дадатковых паслуг для турыстаў. Так, з мая 2017 года МТЗ прапануе турыстам катанне па тэрыторыі прадпрыемства на самым магутным серыйна выпускаемым трактары BELARUS-3522 і паслугу „збяры трактар”, дзе наведвальнікі нараўне з работнікамі галоўнага канвеера ўдзельнічаюць у зборцы трактарнай тэхнікі.