Журналіста з Глыбокага чакае чарговы суд



Другі суд у гэтым месяцы і шосты па ліку за супрацу з незалежным тэлеканалам «Белсат» чакае журналіста з Глыбокага Змітра Лупача. На гэты раз докшыцкія міліцыянты склалі пратакол за сюжэт пра аграгарадок Крулеўшчына Докшыцкага раёна: «Найлепшы аграгарадок Беларусі развальваецца» .

Міліцыянты інкрымінуюць Змітру Лупачу парушэнне ўсё таго ж артыкула 22.9 КаАП (Парушэнне закона аб СМІ). Паводле незалежнага журналіста, у Докшыцкім РАУС яму нават прапанавалі арганізаваць у дзень выкліку па позве ў міліцыю і суд.

Аляксандр Піскуновіч, той, які мне і павестку прывозіў, пазваў мяне ў свой кабінет і там ужо склалі пратакол. А тады сказалі, што сёння будзе і суд, калі суддзя пагодзіцца, і калі я не буду супраць. А нашто вам два разы ездзіць у Докшыцы? Мы за раз усё абладзім. Ну я і пагадзіўся спачатку. Думаю, можа няхай і так будзе. Я чакаў, але выйшаў Іван Бадун, начальнік, і сказаў: Дзмітрый Антонавіч, можаце ісці, бо суддзя сказаў, што будзе выклікаць сведак на суд. Вам прышлюць позву.

Як кажа Зміцер Лупач, цяпер трэба чакаць позвы ў суд. На апраўдальны прысуд ён не спадзяецца. Кажа пра тое, што зараз трэба толькі рабіць стаўкі: колькі базавых велічынь штрафу дадуць на гэты раз у судзе Докшыцкага раёна. Месяц таму гэты суд яго пакараў на 40 базавых велічынь, што адпавядае 920 беларускім рублям. А Пастаўскі суд тыдзень таму па тым жа артыкуле пакараў журналіста на 25 базавых велічынь, 612,5 беларускіх рублёў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя