Тонкі лёд



Раство Хрыстова і Новы год адсвяткавалі ды пайшлі далей – час не стаіць на месцы! Неўзабаве Вадохрышча, але сіноптыкі пераконваюць, што моцных маразоў – традыцыйных для свята! – чакаць не варта… Чакаем снег і плюсавыя тэмпературы.

Аматараў зімовай рыбалкі не пужаюць ні маразы, ні тонкі лёд… Азарт ёсць азарт, хоць падчас ён абыходзіцца вельмі дорага тым, хто не стрымае свае жарсці. Адразу пасля Новага года супрацоўнікі міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі двух браканьераў на возеры Свір. Літаральна чакалі таварышаў на беразе возера са здабычай. Здабыча заважыла 29 кіляў, або 3000 беларускіх рублёў (1230 еўра), калі перайсці непасрэдна да сумы штрафу. Чатыры сеткі, куды трапілі 19 судакоў, пяць ляшчоў і адзін карась, могуць прывесці двух рыбакоў да трох гадоў турмы. Вось такая магія невясёлая лічбаў… Таксама ў таварышаў канфіскавалі сеткі, рыбу і лодку… Сум!

Усё ж гарадскія жыхары маюць больш магчымасцей!” – падумалася раптам у сувязі з гэтай “браканьерскай” гісторыяй. Адно на першы погляд здаецца, што жыць у вёсцы досыць эканомна… Маўляў, бульбачкі накапаў (а пасадзіць яе і дагледзець – асобная гісторыя!), на рыбу схадзіў… Вось і схадзілі.

Тым часам жыхары сталіцы нашай – горада-героя Менска! – маюць магчымасць не толькі “злавіць” добрыя зніжкі на добрую рыбу ў крамах, але і пакаштаваць танную рыбу на спецыялізаваным рыбным кірмашы! 20 і 21 студзеня пройдзе чарговы такі кірмашык – на пляцоўцы побач з кінатэатрам “Салют”. Тут вам і карась, і амур, і шчупак з асятром ды фарэллю ад беларускіх рыбгасаў. На любы густ і кішэню. Па прыстойных коштах. Ніякіх штрафаў.

Чакаем адлігу… Беражыце сябе і не выходзьце на тонкі лёд!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ